Беларуская Служба

У Беларусі ў бліжэйшыя пяць гадоў на забеспячэнне «правапарадку» выдзяляць больш за паўмільярда рублёў

31.12.2025 12:57
Пасля масавых акцый пратэсту ў 2020 годзе супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў прэзідэнта ўлады пачалі павялічваць фінансаванне рэпрэсіўных органаў краіны.
    .
Міністр МУС Беларусі Іван Кубракоў.t.me/minobl_uvd

Савет міністраў Беларусі зацвердзіў дзяржаўную праграму «Забеспячэнне правапарадку» на 2026–2030 гады вартасцю 571 118 000 рублёў, звярнула ўвагу «Радыё Свабода».

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, для «забеспячэння правапарадку» цягам бліжэйшых пяці гадоў плануюць пабудаваць і рэканструяваць 12 аб’ектаў унутраных спраў, 10 – унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў і 4 аб’екты крымінальна-выканаўчай сістэмы.

«Гэта дазволіць палепшыць умовы нясення службы, прыцягнуць кваліфікаваныя і адказныя кадры, дзейнасці якіх будзе накіравана на выкананне законных інтарэсаў і бяспекі грамадзян і грамадства, уключаючы зніжэнне колькасці злачынстваў супраць жыцця і здароўя, дарожна-транспартных здарэнняў», – адзначаецца ў праграме.

Цягам папярэдніх пяці гадоў улады прафінансавалі будаўніцтва і рэканструкцыю 6 аб’ектаў органаў унутраных спраў, 10 аб’ектаў унутраных войскаў МУС і 2 аб’екты крымінальна-выканаўчай сістэмы.

Працяг адмысловай праграмы абгрунтавалі тым, што «рэалізацыя ўскладзеных на МУС задач немагчыма без капітальных укладанняў і падтрымання на неабходным узроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы».

вх