За 15 хвілін да Новага 2026 года лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская выступіла з навагоднім зваротам да беларусаў разам з нядаўна вызваленымі палітвязнямі Марыяй Калеснікавай і Паўлам Севярынцам, а таксама кіраўніком Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Паўлам Латушкам. Галоўная тэма звароту — надзея, салідарнасць і адзінства.
Святлана Ціханоўская заклікала пакінуць у мінулым страх, рэпрэсіі, хлусню і вайсковую прапаганду, а ўзяць у новы год працу праваабаронцаў, журналістаў, настаўнікаў, дактароў, людзей культуры і ўсіх, хто трымае Беларусь жывой. Палітык падкрэсліла пагрозу мілітарызацыі краіны і надзею на спыненне вайны і вяртанне міру.
Марыя Калеснікава падзялілася досведам вызвалення пасля пяці гадоў зняволення, адзначыўшы, што беларусы не зламаліся і захавалі салідарнасць. Павел Севярынец падзякаваў за падтрымку палітвязняў і заклікаў змагацца за тых, хто застаецца за кратамі. У сваю чаргу, Павел Латушка звярнуўся да чыноўнікаў з прапановай дыялогу дзеля будучыні краіны.
Зварот завяршыўся заклікам да еднасці і словамі: «Жыве Беларусь».
эж