Спрошчаны парадак выдачы праязнога дакумента замежніка, які дзейнічае ў Польшчы для грамадзян Беларусі, падоўжаны да 30 чэрвеня 2026 года.
Адпаведная пастанова польскага міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) набыла моц 1 студзеня, паведамляе «Позірк».
Спрошчаны парадак уведзены дзвюма пастановамі МУСіА, якія набылі моц 1 ліпеня 2023 года. Адно з іх вызваляе беларусаў ад выплаты збору за праязны дакумент, другое – пашырае кола тых, хто можа прасіць яго выдачы, вызваляе ад неабходнасці даказваць тое, што асоба не мае магчымасці атрымаць праязны дакумент на радзіме.
Улады Польшчы рэгулярна падаўжаюць рашэнне захаваць спрошчаны парадак выдачы беларусам гэтага дакумента.
Напрыканцы траўня 2024 года Цэнтр беларускай салідарнасці паведаміў, што МУСіА Польшчы працуе над тым, каб павялічыць тэрмін дзеяння праязнога дакумента замежніка – «з вялікай верагоднасцю» – з аднаго да трох гадоў.
Як паведамляў «Позірк», на кастрычнік 2025 года ў Польшчы было легалізавана сама меней 146 тыс. грамадзян Беларусі, заявіла 12 снежня 2025 года ў Вільні юрыст Алеся Пажыток, якая спецыялізуецца ў міграцыйным праве.
Эксперт падкрэсліла, што гэтыя даныя не ўлічваюць беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне на падставе віз, знаходзяцца ў чаканні дазволу на жыхарства або рашэння аб наданні міжнароднай абароны.
Спаслаўшыся на даныя афіцыйнай статыстыкі, яна адзначыла, што часовы дазвол на жыхарства ў Польшчы на кастрычнік мела каля 91 тыс. беларусаў (на гуманітарных падставах, па працы, навучанні, уз’яднанні сям’і, прадпрымальніцтве ды інш.), пастаянны – каля 42 тыс. (з улікам асоб, якія мелі пастаяннае месца жыхарства да 2020 года, а таксама пасля 2020-га, але з «Картамі паляка», польскімі каранямі ды інш.).
вс