Беларуская Служба

Віктар Ганчарэнка прызначаны новым галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе

07.01.2026 13:00
Ганчарэнка на дадзены момант – найбольш годны кандыдат, запэўнівае старшыня Беларускай федэрацыі футбола.
Віктар Ганчарэнкаabff.by

Віктар Ганчарэнка прызначаны галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе, паведаміла мясцовая федэрацыя. 48-гадовы трэнер падпісаў чатырохгадовы кантракт. Ён заменіць на пасадзе іспанца Карласа Аласа, якога звольнілі пасля няўдалай кваліфікацыі да Чэмпіянату свету па футболе 2026 года.

Старшыня Беларускай федэрацыі футбола Яўген Булойчык запэўнівае, што кандыдатура Ганчарэнкі не выклікае сумневаў.

«Я лічу, што Ганчарэнка на дадзены момант з'яўляецца найбольш годным кандыдатам, самым вядомым трэнерам у Беларусі. Першая сустрэча адбылася ў першы тыдзень снежня і доўжылася паўтары гадзіны. Фінансавыя пытанні абмяркоўваліся значна пазней. Па большасці пытанняў мы згодныя», – сказаў Булойчык.

Ганчарэнка пачаў сваю трэнерскую карʼеру ў БАТЭ ў 2004 годзе і быў галоўным трэнерам барысаўскага клуба з 2007 па 2013 год. Пад яго кіраўніцтвам каманда шэсць разоў выйгравала чэмпіянат Беларусі, упершыню выйшла ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў і дайшла да 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі БАТЭ перамагла «Баварыю», «Арсенал» і іншыя вядучыя клубы ў еўрапейскіх спаборніцтвах.

Пасля сыходу з БАТЭ Ганчарэнка працаваў у Расіі, дзе кіраваў клубамі з Масквы, Краснадара, Екацярынбурга, Уфы і Ніжняга Ноўгарада. Апошні клуб ён пакінуў у чэрвені 2025 года. Ён адзінаццаціразовы лаўрэат узнагароды лепшага трэнера Беларусі.

Наступным афіцыйным спаборніцтвам для зборнай Беларусі стане Ліга нацый УЕФА сезона 2025/2026. Лёсаванне групавога этапу адбудзецца 12 лютага, а матчы пройдуць з 24 верасня па 17 лістапада.

PAP/аз