Беларуская Служба

Да 2030 года Беларусь плануе працаваць над абнаўленнем парка паветраных суднаў

07.01.2026 17:01
Чакаецца, што ў 2030 годзе аб’ём пасажыраў, якія атрымалі паслугі ў аэрапортах Беларусі вырасце на 16% у параўнанні з 2025 годам.
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/stefan089

Працягнуць «развіццё авіятранспартнага комплексу, фармаванне эфектыўнай інфраструктуры паветранага транспарту для задавальнення патрэбы эканомікі і насельніцтва ў авіяцыйных паслугах» – такая мэта закладзеная ў падпраграме «Паветраны транспарт» у рамках дзяржаўнай праграмы «Транспарт Беларусі» на 2026–2030 гады.

Тэкст дакумента ўтрымліваецца ў апублікаванай 7 студзеня 2026 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале пастанове Савета міністраў № 778 ад 29 снежня 2025-га, якая зацвярджае дзяржпраграму, паведамляе «Позірк».

Згодна з падпраграмай, чакаецца, што ў 2030 годзе каэфіцыент авіяцыйнай рухомасці (суадносіны гадавога ліку авіяпасажыраў да колькасці насельніцтва) вырасце ў 1,1 раза ў параўнанні з 2025 годам; аб’ём пасажыраў, якія атрымалі паслугі ў аэрапортах – на 16%.

З дакумента вынікае, што цяпер «Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы з Мінска, Гомеля, Брэста і Магілёва ў 22 аэрапорты 11 дзяржаў, чартарныя праграмы палётаў у Егіпет, В’етнам, Турцыю. Акрамя таго, «адкрытыя новыя турыстычныя напрамкі ў Катар, Аман (Салала) і ААЭ (Рас-эль-Хайм, Шарджа)».

Асноўнымі напрамкамі паветраных грузаперавозак з’яўляюцца «рэгіёны краін ЕАЭС, Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу, павялічаны аб’ёмы грузавых авіяперавозак у кірунку Паўднёвай Амерыкі».

У Беларусі існуе 11 сертыфікаваных аэрадромаў, у тым ліку міжнародных зносін – 7. У той жа час на нацыянальны аэрапорт Мінск прыпадае больш за 95% аб’ёму пасажырскіх авіяперавозак.

«Рэйсы на рэгулярнай аснове з (у) нацыянальнага аэрапорта Мінск выконваюцца 10 авіяперавозчыкамі«, – гаворыцца ў дакуменце.

аз