Больш за 1,5 тысячы атрымальнікаў крэдытаў аднаго з беларускіх банкаў атрымаюць свае грошы за пераплачаныя з красавіка 2022 года адсоткі. Таксама з банку ім належыць пеня за карыстанне грашыма, паведамляе «Свабода».
Адпаведнае рашэнне прыняла Генеральная пракуратура па выніках наглядных мерапрыемстваў. Сам банк пракуратура не называе.
Як высветлілі пракуроры, у красавіку 2022 года адзін з банкаў парушыў нормы грамадзянскага і банкаўскага заканадаўстваў, а таксама заключаных з грамадзянамі крэдытных дамоваў. Ён шляхам аднабаковага апавяшчэння змяніў умовы вызначэння адсоткаў за карыстанне крэдытамі.
У выніку першапачаткова акрэсленая ў шэрагу дакументаў пераменная гадавая стаўка, якая складаецца з стаўкі рэфінансавання і дадатковых пунктаў, была зафіксаваная ў абсалютным значэнні. З 2023 года стаўка рэфінансавання змянялася ў бок зніжэння, таму й па першапачатковых умовах дамоваў памер адсоткаў па крэдыце падлягаў змяншэнню.
У выніку пацярпелі больш за 1,5 тысячы грамадзян, якія плацілі адсоткі па крэдытах у завышаным памеры.
У выніку ўмяшання Генеральнай пракуратуры дадатковыя пагадненні, якія парушылі правы кліентаў банку, былі прызнаныя несапраўднымі. Ад банка запатрабавалі выплаціць кліентам сумы адсоткаў за карыстанне чужымі грашыма і пені за няправільна налічаныя і спагнаныя адсоткі па крэдытах.
аз