Беларуская Служба

АПК звярнуўся да беларускіх уладаў у сувязі з арыштам прэзідэнта Венесуэлы

08.01.2026 16:20
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі выступіў са зваротам да дэ-факта ўладаў краіны, як гаорыцца ў гэты звароце, у сувязі з арыштам прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, які адбыўся 3 студзеня 2026 года.
.
.ulleo /pixabay.com/CC0 Public Domain

У заяве падкрэсліваецца, што гэты выпадак стаў паказальным сігналам для аўтарытарных рэжымаў: шматгадовае кіраванне дзяржавай, кантроль над сілавымі структурамі і знешняя падтрымка не гарантуюць захавання ўлады. У Кабінеце адзначаюць, што Мадура адмовіўся ад дыялогу з апазіцыяй, зрабіў стаўку на рэпрэсіі і разлічваў на сілавыя структуры, што ў выніку прывяло да крызісу, наступствы якога цяпер шмат у чым залежаць ад знешніх фактараў.

Аб’яднаны Пераходны Кабінет пацвердзіў сваю ініцыятыву па правядзенні нацыянальнага дыялогу, агучаную ў заяве ад 9 жніўня 2025 года. Паводле прадстаўнікоў Кабінета, адзіным шляхам прадухілення калапсу дзяржаўнасці з’яўляецца арганізацыя Круглага стала для выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі.

У звароце адзначаецца, што ўнутранае грамадскае паразуменне неабходнае для забеспячэння стабільнасці ў перыяд палітычнай трансфармацыі, вырашэння ўнутраных праблем, зняцця санкцый, вяртання інвестыцый і аднаўлення міжнароднага супрацоўніцтва.

Кабінет папярэджвае, што «вокны магчымасцяў» могуць хутка зачыніцца, і ігнараванне ініцыятывы Круглага стала здольнае прывесці да некантраляваных сцэнароў, якія могуць пагражаць незалежнасці Беларусі.

У заяве таксама падкрэсліваецца, што беларусы заслугоўваюць дэмакратычнага кіравання, устойлівага эканамічнага развіцця і нармалізацыі міжнародных адносінаў. Кожная службовая асоба, на думку аўтараў звароту, павінна несці адказнасць за выбар аптымальных шляхоў развіцця краіны.

ав