Беларуская Служба

Беларусам за мяжой працягваюць пагражаць штрафамі за пратэрмінаваныя пашпарты

08.01.2026 17:31
Грамадзянін Беларусі, які жыве за мяжою (з’ехаў, бо быў вымушаны ратавацца ад палітычных рэпрэсіяў), атрымаў на свой адрас рэгістрацыі на радзіме ліст, у якім яго папярэджваюць пра магчымы штраф за пратэрмінаваны пашпарт.
ПашпартЗдымак: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У лісце атрымальніку нагадваюць, што ягоны пашпарт цяпер несапраўдны праз сканчэнне тэрміну дзеяння, а таму могуць узнікнуць складанасці пры зваротах у розныя дзяржаўныя органы – страхавання, сацыяльнай абароны, банкі і падобныя. Фотаздымак апавяшчэння мужчына даслаў у рэдакцыю «Белсату».

«Дзеля ўрэгулявання сітуацыі вам неабходна звярнуцца і падаць адпаведны пакет дакументаў для абмену вашага пашпарта асобе, упаўнаважанай арганізацыяй, што здзяйсняе эксплуатацыю жыллёвага фонду (разлікова-даведкавы цэнтр, ЖЭС), жыллёва-будаўнічым (жыллёвым) кааператывам, таварыствам уласнікаў паводле месца вашай рэгістрацыі ці ў тэрытарыяльнае аддзяленне грамадзянства і міграцыі ў выпадку падачы заявы аб афармленні біяметрычных дакументаў», – гаворыцца ў лісце.

Атрымальніка папярэджваюць, што пражыванне без дакументаў ці з несапраўднымі дакументамі караецца штрафам памерам да 4 базавых велічыняў (180 рублёў) паводле ч. 3 арт. 24.33 Кодэксу аб адміністратыўных парушэннях Рэспублікі Беларусь.

Пра такія лісты беларусы апавядалі і раней, цягам 2025 года. На гэтыя выпадкі звяртаў увагу і Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У лістападзе 2025 года гомельская міліцыя рассылала ўведамленні аб неабходнасці замяніць пашпарт няпоўнагадовым. Тых, хто жыве за мяжою, прасілі паведаміць пра гэта праз тэлефон.

Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 278, які набыў моц на пачатку верасня 2023 года, беларусы, якія жывуць за мяжою, не могуць абмяняць або прадоўжыць пашпартоў у амбасадах і консульствах, для гэтага ім неабходна асабіста прыехаць у Беларусь. У выніку людзі, якія ўцякалі з краіны праз рэпрэсіі і ў якіх скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў, вымушаныя жыць без гэтых дакументаў, бо не могуць вярнуцца ў Беларусь, баючыся пераследу. У такой сітуацыі цяпер і шмат няпоўнагадовых асобаў, якія ўцякалі з краіны разам з бацькамі.
У Аб’яднаным пераходным кабінеце Беларусі назвалі забарону на абмен пашпартоў за мяжой парушэннем Гаагскай канвенцыі 1961-га года.

Белсат/ав