Беларуская Служба

Моцны снегапад паралізаваў Беларусь

09.01.2026 13:33
Мінулай ноччу ў шматлікіх раёнах Беларусі прайшоў моцны снегапад з парывамі ветру да 15-18 м/с. Найбольш драматычная сітуацыя склалася ў Мінску і Мінскай вобласці.
У Мінску нападала шмат снегуЖКХ Минск Официально/@mgjha

Завіруха, слізкія дарогі, тралейбусы стаяць, метро перапоўненае, так беларуская сталіца змагаецца з цыклонам «Улі», які накрыў горад моцнымі ападамі снегу, паведамляе «Наша Ніва».  

З самай раніцы назіраюцца перабоі ў працы грамадскага транспарту, у горадзе 7‑бальныя заторы. Аўтобусы і тралейбусы не паўсюль могуць праехаць. У выніку 93 прыгарадныя аўтобусы не даехалі да канчатковага пункта маршруту, у 43 выпадках маршруты былі адмененыя.

У звязку з непагодай Мінскія ўлады скарацілі інтэрвалы руху цягнікоў метро. З 9:00 да 16:00 інтэрвал руху цягнікоў на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях складзе 3,5 хвіліны, а на Зялёналужскай — 5 хвілін.

Камунальнікі папярэджваюць, што ў пятніцу лепш устрымацца ад неабавязковых паездак, асабліва за горад. Ратавальныя службы ўжо працуюць на максімуме нагрузкі. З раніцы пятніцы ў Беларусі на вуліцах гарадоў працуе 1129 адзінак спецыяльнай камунальнай тэхнікі. Больш за 3300 работнікаў ЖКГ ачышчаюць ад снегу і пасыпаюць пясчана-салянымі сумесямі вуліцы, тратуары, дваровыя тэрыторыі.

ЖКА звярнулася з заклікам да жыхароў, у першую чаргу аўтаўладальнікаў, расчысціць снег вакол аўтамабіля ў метровай адлегласці.

Таксама Лукашэнку з сынам  Колем давялося прыбіраць снег вакол сваёй рэзідэнцыі.

У суботу ў Беларусі чакаецца слабая мяцеліца, галалёдзіца. У нядзелю, 11 студзеня, на большай частцы тэрыторыі зноў пойдзе снег.

Крыніца: Наша Ніва/юл