10-га студзеня выйшаў апошні выпуск «Жыцця-маліны» з Мікітам Мелказёравым, які ён запісаў у свой апошні дзень жыцця, 21 снежня. Гэта гутарка з былым галоўным рэдактарам Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандра Лукашуком.
Каманда праекта напісала, што ў суботу выйшаў апошні выпуск на канале «Жыццё-маліна» наогул. Іншага вядучага на канал шукаць не будуць.
«Мікіта, ты сам сабе стварыў помнік. Хай ён застанецца ў тым выглядзе, у якім ты нам яго пакінуў. Працягваць працу канала — гэта будзе падманам і сябе, і гледачоў. Дзякуй, што глядзелі і падтрымлівалі. Дзякуй, што крытыкавалі і ненавідзелі. Дзякуй, што не былі абыякавымі. Мікіта, дзякуй за тваю выкшталцонасць і жаданне рабіць якасць. У цябе атрымалася, можа, і ў нас нешта яшчэ атрымаецца. Тут і цяпер жыццё дакладна не маліна, але яно працягваецца… І сонца калісьці загляне. Бывай, сябар…», — пішуць калегі.
Канал «Жыццё-маліна» існаваў пяць з паловай гадоў, выпускі выходзілі кожную суботу з 27 чэрвеня 2020 года, нязменным вядучым быў Мікіта Мелказёраў.
Станам на красавік 2023 года на ютуб-канале шоу было больш за 111 тысяч падпісчыкаў, у 2025 год канал прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Зараз на канале 97 тысяч падпісчыкаў.
Крыніца: «Наша Ніва»/юл