Цягнік Пінск — Мінск затрымаўся ўначы на суботу пад Дзяржынскам праз моцны снегапад. Пасажыры распавядаюць, што ўвесь шлях у вагонах не было ацяплення, людзі моцна змерзлі, а прыбыццё ў сталіцу затрымалася на некалькі гадзін.
Як паведамляюць у сацыяльных сетках, поезд выехаў з Пінска вечарам 9 студзеня і павінен быў прыбыць у Мінск каля паловы адзінаццатай, аднак пасля паўночы доўгі час стаяў каля Дзяржынска ў чаканні дапаможнага лакаматыва. У вагонах не працавала ацяпленне, не было гарачых напояў, адключаліся разеткі.
Пасажыры звярнуліся па дапамогу праз сацсеткі з просьбай сустрэць людзей на Мінскім чыгуначным вакзале з гарачай ежай і дапамагчы дабрацца дадому, бо грамадскі транспарт уначы ўжо не хадзіў, а выклікаць таксі было амаль немагчыма.
На заклік адгукнуліся жыхары Мінска. Людзі ў дзве–тры гадзіны ночы прыехалі на вакзал, падвозілі пасажыраў, прывозілі гарачую ежу і не бралі за гэта грошай. Праявы ўзаемадапамогі выклікалі шырокі водгук і захапленне ў сацыяльных сетках.
Карыстальнікі пішуць, што менавіта ў такіх сітуацыях беларусы ўмеюць аб’ядноўвацца і падтрымліваць адно аднаго без карысці. Посты пра ноч пад Дзяржынскам ужо сабралі сотні каментароў са словамі падзякі і павагі да тых, хто прыйшоў на дапамогу незнаёмым людзям.
Zerkalo.io/нг