Слухайце аўдыёфайл
Польскі прэзідэнт запрасіў у палац Бельведэр каля 160 чалавек – палітычных і культурных беларускіх актывістаў, былых палітзняволеных а таксама польскіх дзеячоў, звязаных з беларускай справай.
У верасні мінулага года новы прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі на 80. сесіі Генеральнай асамблеі ААН падчас гутаркі з Святланай Ціханоўскай абяцаў працягнуць традыцыю, якую запачаткаваў яго папярэднік Анджэй Дуда.
«Гэта вельмі моцны сімвал падтрымкі беларусаў», – учора ў Варшаве Святлана Ціханоўская падзякавала Прэзідэнту Каралю Наўроцкаму за салідарнасць з беларусамі і за прыём.
— Гэта вельмі моцны сімвал падтрымкі беларусаў, і гэта стала ўжо добрай традыцыяй сустракацца з беларусамі ў Бельведэры. Вы ўявіць сабе не можаце, як шмат людзей хацелі б патрапіць на гэты прыём і сустрэцца з вамі асабіста і выказаць вам словы падзякі. Нам важна, што ў Польшчы беларускае пытанне аб'ядноўвае правых і левых, урад і апазіцыю, а гэты прыём - прыклад таго, што Польшча будзе працягваць падтрымліваць і далей Беларусь і беларусаў.
Святлана Ціханоўская падарыла Каралю Наўроцкаму гасцінец і назвала імёны агульных – польскіх і беларускіх – нацыянальных герояў.
—Сёння я прывезла спадару Прэзідэнту некалькі кніг Сяргея Пясэцкага ў перакладзе на беларускую мову. Я ведаю, што гэта адзін з вашых любімых пісьменнікаў. Ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і пісаў пра тое, як беларусы і палякі разам пераадольвалі цяжкія часы, як разам вучыліся выжываць ва ўмовах савецкай дыктатуры і разам супрацьстаяць тыраніі. Беларусы ніколі не былі чужымі палякам, гэтак сама, як і Польшча, заўжды была побач з беларусамі. Увогуле беларусы, як нацыя, фармаваліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мы разам з палякамі змагаліся за незалежнасць ад Расіі, мы шмат чаму вучыліся ад польскай «Салідарнасці». Нас яднаюць Касцюшка і Каліноўскі, Міцкевіч і Ажэшка, Орда і Агінскі, і вядомыя «Svada@Niczos», якія ледзь не прабіліся на Еўрабачанне ад Польшчы. Беларусы Падляшша гэта жывы прыклад таго, як дзве культуры могуць суіснаваць і ўзаемна ўзбагачаць адна адну. Мы, беларусы, глядзім на Польшчу з захапленнем, часам нават з зайздрасцю. Вы для нас не проста саюзнікі і суседзі, вы для нас прыклад. Менавіта такой я бачу новую Беларусь – як Польшча - моцнай, суверэннай, якая клапоціцца аб сваіх грамадзянах, а не служыць чужой імперыі.
Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларусы сёння ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы працягваюць працаваць, каб заставацца беларусамі, але таксама робяць унёсак у польскае грамадства.
— Белсат вырабляе новыя праграмы. Праграма Каліноўскага набірае таленавітых беларусаў і рыхтуе кадры для новай Беларусі. Нашы праваабаронцы клапоцяцца пра вызваленых людзей. Нашы бізнесоўцы развіваюць сусветна вядомыя кампаніі. Мы захоўваем нашу мову і нашу культуру. «Купалаўцы» збіраюць у Польшчы поўныя залы. Беларускія спартоўцы, як Марыя Жодзік і Крысціна Ціманоўская перамагаюць у польскіх спаборніцтвах. І наш футбольны клуб «Пагоня».
Таксама Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў са словамі падзякі, што не скарыліся, не зламаліся і не апусцілі рук. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл выказала ўпэўненасць, што беларусы пройдуць свой шлях да свабоды, як калісьці прайшла Польшча.
— Канешне, нам здаецца, што гэты шлях дoўгі і цяжкі, але паглядзіце, сёння сярод нас так шмат былых палітзняволеных. Гэта значыць, што ўсё магчыма. Гэта значыць, што мы павінны працягваць барацьбу і змагацца за вызваленне кожнай і кожнага. За Кацярыну Андрэеву, за Андрэя Аляксандрава, за Мікалая Статкевіча, і, канешне, за Анджэя Пачобута. Як аднойчы сказаў Анджэй, проста трэба не здавацца. Дык няхай гэта будзе дэвізам нашай барацьбы».
Сустрэча ў Бэлведэры завершылася выступам беларускай фальклорнай групы калядоўшчыкаў.
Удзельнікі сустрэчы Сяргей Будкін, Аляксандр Анджэеўскі, Кацярына Еўдакімава, Мара Тамковіч, Алесь Лозка, Вітаўт Сіўчык, Павал Станкевіч і Максім Знак распавялі нам пра свае эмоцыі, звязаныя з гэтай сустрэчай.
Падрыхтавала Яланта Смялоўская