У Беларусі з выразным акцэнтам на нечаканасць праводзяць маштабную праверку Узброеных сіл, паведамляе «Свабода». Як заявіў, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, праверкі будуць ісці ў некалькі этапаў і без папярэджання. Вайсковыя часткі і час інспекцыяў будуць вызначацца негалосна, а галоўная інтрыга ў тым, што Лукашэнка збіраецца ўдзельнічаць у праверках асабіста. Куды і калі ён прыедзе – будзе вырашаць сам.
Асаблівую ўвагу падчас праверкі нададуць ахове вайсковых частак, гатоўнасці да сучасных пагроз і супрацьдзеянню дронам. Улічваецца і досвед вайны ва Украіне, які, як заяўляюць улады, яны аналізуюць і «ўкараняюць» у беларускім войску.
Праверка ўжо пачалася з адной з найбуйнейшых вайсковых частак тэхнічнага забеспячэння, дзе на захаванні стаіць бронетанкавая тэхніка. Туды раптоўна прыехала праверачная група, якая ўручыла камандзіру распараджэнне і адразу заслухала справаздачу.
Вальфовіч адзначыў, што гэтую частку правяралі і раней – у лістападзе мінулага года. Цяпер будуць глядзець, ці выправілі ранейшыя праблемы.
Адна з ключавых практычных частак праверкі – зняцце бронетэхнікі з захавання. Паводле дзяржаксратара Савета бяспекі, будуць правяраць, наколькі танкі, БМП і бронетранспарцёры могуць быць падрыхтаваныя да выкарыстання сіламі самой часткі, без дадатковай дапамогі.
Пасля гэтага тэхніку чакае кантрольны прабег – каля 15–20 кіламетраў. Праверка павінна выявіць рэальную баяздольнасць тэхнікі, якая гадамі стаяла на складах.
аз