За дыялог Еўропы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі выступіла ў інтэрв’ю Financial Times вызваленая ў снежні 2025 года і вывезеная з Беларусі Марыя Калеснікава – член каманды прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе Віктара Бабарыкі, нагадвае «Позірк».
На думку экс-палітзняволенай, сваёй цяперашняй пазіцыяй, якая скіраваная на ізаляцыю Мінска, Еўропа «рызыкуе падштурхнуць» Беларусь да Расіі, што робіць беларускую дзяржаву менш бяспечнай і прадказальнай. У сувязі з гэтым яна заклікала еўрапейскіх лідараў шукаць шляхі да збліжэння і ўзаемадзейнічаць з рэжымам Лукашэнкі.
Германія, паводле слоў Калеснікавай, мае «значна больш сувязей» з Беларуссю, чым з ЗША. «Як чалавек з еўрапейскім менталітэтам, я не разумею, чаму Еўропа не пачала размаўляць з Лукашэнкам раней за ЗША», – заявіла суразмоўніца выдання, падзякаваўшы за вызваленне амерыканскаму прэзідэнту Дональду Трампу.
Медыя адзначае, што пазіцыя Калеснікавай «супярэчыць цяперашняму падыходу Еўропы, які заключаецца ў мінімізацыі кантактаў з рэжымам, падтрымцы дэмакратычных сіл у выгнанні і захаванні эканамічных санкцый, забароне на палёты і жорсткіх візавых правілах».
Экс-палітзняволеная заявіла, што абмежаванні «сталі цяжкім ударам для моцна еўрапеізаваных беларусаў», звярнуўшы ўвагу на тое, што некалі жыхары Беларусі былі лідарамі паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх віз.
На думку Калеснікавай, Лукашэнка – «прагматычны чалавек, які разумее мову бізнесу». Калі ён «гатовы да такіх гуманітарных крокаў, як вызваленне зняволеных і допуск незалежных СМІ, у абмен на змякчэнне санкцый, гэта неабходна абмяркоўваць», лічыць яна.
«Я думаю, зразумела, што я не сыходжу з палітыкі», – заявіла Калеснікава, адзначыўшы, што цяпер прасоўванне такога дыялогу з’яўляецца яе асноўнай мэтай. Суразмоўніца выдання ўпэўненая, што «аднойчы рэжым зменіцца, і да гэтага моманту трэба падрыхтаваць глебу, каб там не засталося выпаленай зямлі».
На заявы Калеснікавай адрэагаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. «Маша, для таго, каб зразумець, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША, трэба, па-першае, ведаць гісторыю стасункаў Бруселя і Мінска. Па-другое, разумець стаўленне еўрапейцаў да расійскай агрэсіі ва Украіне. І, па-трэцяе, ведаць прыроду і сутнасць беларускага рэжыму», – прыводзіць яго словы «Парламенцкі канал».
13 снежня 2025 года ў рамках дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам Аляксандр Лукашэнка памілаваў 123 чалавекі (110 грамадзян Беларусі і 13 замежнікаў) з умовай іх наступнага ад’езду з краіны. 109 беларусаў, у тым ліку кіраўнічка выбарчага штаба Віктара Бабарыкі з 2020 года Марыя Калеснікава, і 5 украінцаў прыбылі на тэрыторыю Украіны. Пазней Калеснікава і Бабарыка пераехалі ў Германію.
аз