Былыя палітвязні Аляксандр Фядута, Ігар Лосік і Мікалай Дзядок раскрытыкавалі заяву Марыі Калеснікавай, якая ў інтэрв’ю Financial Times заклікала Еўропу пачаць дыялог з Аляксандрам Лукашэнкам. На іх думку, перамовы з афіцыйным Мінскам не спыняць рэпрэсій у Беларусі. Каментары сабрала Zerkalo.io.
Аляксандр Фядута адзначыў, што Лукашэнка «на сто працэнтаў кантралюе рынак рэпрэсій» і выкарыстоўвае палітвязняў як інструмент гандлю. Ён нагадаў, што раней перамовы пра вызваленне зняволеных вяліся неаднаразова, але кожны раз праз некаторы час рэпрэсіі аднаўляліся з новай сілай. Паводле яго слоў, калі ўлада кантралюе механізм гвалту аднаасобна, яна зацікаўленая толькі ў тым, каб гэты «тавар» заўсёды быў у наяўнасці.
Ігар Лосік заявіў, што за апошнія 30 гадоў перамовы з Лукашэнкам ужо не раз праводзіліся, але пасля кароткіх «пацяпленняў» рэжым зноў вяртаўся да жорсткіх рэпрэсій. Ён падкрэсліў, што Лукашэнка разумее толькі мову сілы, а дыялог без ціску ўспрымае як слабасць. На думку Лосіка, улада гатовая вызваляць зняволеных не дзеля зменаў, а выключна дзеля ўласнай выгоды.
Мікалай Дзядок адзначыў, што Еўрасаюз вядзе палітыку санкцый не дзеля звяржэння рэжыму, а каб аслабіць эканамічны і ваенны патэнцыял краін-агрэсараў — Расіі і Беларусі. Ён падкрэсліў, што пазіцыя «вызваліць палітвязняў любой цаной» з’яўляецца пройгрышнай, бо новыя арышты могуць пачацца ў любы момант. Паводле яго слоў, найбольш эфектыўны дыялог з дыктатарам магчымы толькі пасля ўзмацнення ціску.
Нагадаем, Марыя Калеснікава заявіла, што ізаляцыя Беларусі падштурхоўвае яе яшчэ бліжэй да Масквы, і што Еўропа павінна абмяркоўваць з Лукашэнкам гуманітарныя крокі ў адказ на змякчэнне санкцый. Аднак былыя палітвязні лічаць такі падыход небяспечнай ілюзіяй.
нг