Арганізацыя BELPOL апублікавала дадатак да расследавання пра будаўніцтва пад Слуцкам сакрэтнага заводу па вытворчасці снарадаў для Расіі. Паводле атрыманых афіцыйных дакументаў, улады Беларусі мэтанакіравана ствараюць патэнцыйна небяспечны аб’ект, вядомы пад шыфрам «Участак».
Як вынікае з пратаколаў нарад і рабочых сустрэч, праектаванне і будаўніцтва заводу вяліся адначасова, што супярэчыць базавым патрабаванням бяспекі для аб’ектаў з выбуховымі рэчывамі. BELPOL лічыць, што ўлады спяшаюцца, каб паспець запусціць вытворчасць да завяршэння вайны ва Украіне.
Праект распрацоўвае «Белпрампраект», які не мае досведу праектавання заводаў боепрыпасаў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца састарэлыя расійскія нормы бяспекі, а эканомія сродкаў адбываецца за кошт аховы жыцця і здароўя людзей. Улады таксама ўтойваюць сам факт будаўніцтва і выяўленыя парушэнні.
Асобную трывогу выклікае адсутнасць у праекце аўтаматычнай сістэмы пажаратушэння на складах выбухоўкі. Міністэрства надзвычайных сітуацый запатрабавала яе ўстаноўкі толькі тады, калі будаўнічыя працы былі завершаныя амаль на 90 працэнтаў. У выніку праект не перапрацавалі, каб не зрываць графік.
З дакументаў таксама вынікае, што абсталяванне не прайшло неабходных выпрабаванняў, сродкі пажарнай бяспекі не адпавядалі нормам, а будаўнічыя работы вяліся з адхіленнямі ад праектнай дакументацыі. У пратаколах неаднаразова згадваецца неабходнасць «адступлення ад патрабаванняў прамысловай бяспекі».
Завод будуюць на тэрыторыі былога арсеналу каля вёскі Паўлаўка, дзе ў 1996 годзе ўжо адбываўся маштабны выбух і дагэтуль захоўваецца небяспека неразарваных боепрыпасаў. Тэрмін эксплуатацыі аб’екта разлічаны на 50 гадоў.
Паводле планаў, завод зможа вырабляць да 240 тысяч артылерыйскіх і рэактыўных снарадаў у год. Завяршэнне будаўніцтва запланавана на снежань 2026 года.
нг