Польскія мытнікі затрымалі аўтобус, у якім спрабавалі пераправіць з Беларусі ў Польшчу 300 пачкаў цыгарэт. Інцыдэнт адбыўся на дарожным памежным пераходзе ў Тэрэспалі. Пра дэталі паведаміў прэсавы сакратар Мытна-падатковай адміністрацыі ў Любліне Міхал Дэрусь.
«Мужчына перасякаў мяжу з Беларусі ў Польшчу праз дарожны пункт пропуску ў Тэрэспалі і, каб схаваць нелегальны тавар ад мытнага кантролю, адпаведным чынам перарабіў аўтобус. Падчас дэталёвага агляду транспартнага сродку супрацоўнікі мытні знайшлі цыгарэты, у тым ліку ў пераробленым корпусе радыятара. Доступ да схованкі быў магчымы толькі пасля дэмантажу часткі падлогі пад рухавіком. Цыгарэты таксама былі схаваныя ў падлозе прыбіральні. Канструктыўна зменены і прыстасаваны для кантрабанды аўтобус быў затрыманы як рэчавы доказ», — паведамілі ў мытні.
Мужчына прызнаўся ў спробе кантрабанды. Супраць яго распачата крымінальна-падатковае расследаванне. Кошт канфіскаваных цыгарэт ацэньваецца прыкладна ў 5 тыс. злотых (каля 1185 еўра).
эж