На палях цяперашняга Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе (Швейцарыя) беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская правяла ўжо 11 двухбаковых сустрэч, вынікае з паведамлення на сайце палітыка.
У прыватнасці, суразмоўцамі Ціханоўскай сталі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністр Малдовы Аляксандр Мунцяну і яго чэшскі калега Андрэй Бабіш, міністр замежных спраў Канады Аніта Ананд і міністр прамысловасці гэтай краіны Мелані Жолі, генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ, прэзідэнт Генасамблеі ААН Аналена Бербок, экс-прэм’ер Вялікабрытаніі Барыс Джонсан, генеральны сакратар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International Аньес Каламар, прэзідэнт і галоўны інвестыцыйны дырэктар Google Рут Парат, а таксама гендырэктар польскага банка PKO Шыман Мідэра.
Дэмлідарка таксама ўзяла ўдзел у дыскусіі «Ці зможа Расія захаваць эканоміку ваеннага часу?», круглым стале Нефармальнай сустрэчы сусветных эканамічных лідараў (IGWEL) «Новая эпоха геапалітычнай нявызначанасці», а таксама панэлі на тэму «Дэмакратыя ў выгнанні: лідарства ў барацьбе Беларусі за свабоду».
Апошняя адбылася ў рамках мерапрыемства «Яе сіла» (арганізатар — выданне Foreign Policy) на палях форуму. Гэта серыя мерапрыемстваў, прысвечаных ролі жанчын у лідарстве, дэмакратычных зменах, а таксама пошуку практычных шляхоў паскарэння прагрэсу праз палітыку, партнёрства і глабальную адказнасць. Ціханоўская распавяла пра ролю жанчын у беларускім дэмакратычным руху, лідарстве ва ўмовах выгнання і супраціву аўтарытарызму. Яна падкрэсліла, што беларускія жанчыны сталі «маральным ядром рэвалюцыі», закранула тэмы вайны Расіі супраць Украіны, адказнасці рэжыму Лукашэнкі, значэння Беларусі для еўрапейскай бяспекі, неабходнасці міжнароднай падтрымкі.
«Давос — яшчэ адна магчымасць распавесці пра Беларусь сусветным лідарам. Нагадаць пра тых, хто сёння знаходзіцца за кратамі за сваё права жыць у свабоднай краіне. Для нас прынцыпова, каб Беларусь заставалася ў міжнародным парадку дня, каб свет не прызвычайваўся да рэпрэсій і несправядлівасці. Менавіта праз такія сустрэчы мы ўмацоўваем міжнародную салідарнасць з беларускім народам і працягваем сумесную працу дзеля вызвалення палітвязняў і дэмакратычнай будучыні Беларусі», — заявіла дэмлідарка.
Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме ў Давосе чацвёрты раз запар.
Позірк/яс