Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) працягнула адхіленне Беларусі і Расіі ад міжнародных турніраў і на сезон-2026/27, паведаміла «Свабода».
«Па выніках апошняга паседжання і на грунце дэталёвай ацэнкі рызык Рада IIHF лічыць, што вяртанне расійскіх і беларускіх нацыянальных і клубных камандаў да ўдзелу ў чэмпіянатах сезону 2026–2027 гадоў пакуль небяспечнае, бо цяперашні стан з бяспекай не дазваляе забяспечыць патрэбных умоваў для правядзення турніраў, якія гарантуюць бяспекі ўсіх удзельнікаў», – гаворыцца ў заяве федэрацыі.
У той жа час рада арганізацыі прыняла да ўвагі рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту і разгледзіць пытанне аб вяртанні юных гульцоў (да 18 гадоў) з расійскіх і беларускіх нацыянальных і клубных камандаў да ўдзелу ў сезоне 2027–2028 гадоў. Гэта будзе залежаць «ад далейшай ацэнкі сітуацыі з бяспекай».
«Калі гэтыя рызыкі дастаткова знізяцца ў бліжэйшыя месяцы, Міжнародная федэрацыя хакею будзе супрацоўнічаць з адпаведнымі нацыянальнымі асацыяцыямі для падтрымкі магчымага вяртання на моладзевы ўзровень», – адзначаецца ў паведамленні.
Пратэст з Мінска
Федэрацыя хакею Беларусі выказала пратэст супраць апошняга рашэння міжнароднай федэрацыі, апублікаваўшы адкрыты ліст на адрас Рады IIHF.
«Дадзенае рашэнне прынятае без якіх-кольвек кансультацый з ФХБ, нягледзячы на шматлікія просьбы. ФХБ не далі магчымасці выкласці сваю пазіцыю і аргументы. Рада Міжнароднай федэрацыі хакею ў чарговы раз не дала ніякіх дакументаў на пацверджанне, аналізу, выкарыстоўваючы толькі вельмі расплывісты панятак «меркаванні бяспекі«», – гаворыцца ў заяве ФХБ.
На думку федэрацыі, рашэнні Рады з лютага 2022 года «носяць дыскрымінацыйны характар у дачыненні беларускіх хакейных камандаў і ўдзельнікаў супольнасці і прымаюцца на нацыянальнай і палітычнай глебе».
«Гэта выглядае асабліва цынічна, улічваючы шматлікія заявы і публікацыі IIHF аб прыхільнасці прынцыпам сумленнасці», – лічыць ФХБ.
Федэрацыя хакею Беларусі заявіла пра намер абскардзіць рашэнне ІІГФ, у тым ліку ў Спартовым арбітражным судзе. Пры гэтым, аднак, ФХБ зноў ніякім чынам не згадала вайну, саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў якой і стаў прычынай ужо доўгатэрміновага адхілення беларускіх дружынаў ад спаборніцтваў.
У сувязі з паўнамаштабнай вайной, якую Расія пачала супраць Украіны ў тым ліку з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі, з 2022 года хакеісты Беларусі і Расіі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў. Яны не бяруць удзелу ў кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў, таксама ім забаронена выступаць у чэмпіянатах свету.
аз