З 23 лютага ў Беларусі з'явіцца абмежаванне па хуткасці інтэрнэту на тарыфных планах з безлімітным трафікам. Пры перавышэнні парога 30 ГБ у месяц хуткасць зменшыцца да 1 Мбіт/с. У Міністэрстве сувязі патлумачылі, чаму прынялі такое рашэнне, паведамляе старонка Office Life.
Тэма выклікала бурныя абмеркаванні ў сацсетках. У ведамстве заявілі, што чакалі такой рэакцыі, найперш з боку абанентаў, якія спажываюць трафік у вялікіх абʼёмах. Гаворка ідзе аб тысячах гігабайтаў у месяц, што перавышае сярэдняе спажыванне прынамсі ў сотні разоў.
Паводле чыноўнікаў, такое спажыванне часцей сустракаецца сярод абанентаў стацыянарных сетак. Пры гэтым безлімітныя тарыфы на мабільным «характэрны для краін СНД», але цалкам «адсутнічаюць у еўрапейскіх краінах».
У ведамстве падкрэслілі, што большасць карыстальнікаў наўрад ці заўважаць змены, бо спажываюць значна менш чым 30 ГБ у месяц. «Калі вы марнуеце менш чым 30 ГБ у месяц (а гэта большасць карыстальнікаў без TikTok-залежнасці) – вы нічога не заўважыце. Калі вы пампуеце тэрабайты – прыйдзецца або пагадзіцца на 1 Мбіт/с, або даплачваць», – заявілі ў Мінсувязі.
У міністэрстве таксама падкрэслілі, што мабільны інтэрнэт ніхто не адключыць пасля вычарпання ліміту, а яго скорасць знізіцца толькі да парога 1 Мбіт/с. Гэта дазволіць выкарыстоўваць месэнджэры, музыку і сацыяльныя сеткі, у апошнім выпадку фота могуць грузіцца даўжэй. Прагляд відэа ў высокай якасці і «цяжкія» анлайн-гульні таксама могуць быць ускладненыя.
Паводле ведамства, новаўвядзенне абароніць правы спажыўца, паколькі безлімітны тарыф «павінен працаваць, а не проста лічыцца». Раней аператары на «безлімітах» маглі рэзаць хуткасць як заўгодна.
Цяпер устаноўлены парог: хуткасць ніжэй за 1 Мбіт/с аператарам апускаць нельга. Новыя правілы таксама дазваляюць аператарам прадастаўляць дадатковыя абʼёмы трафіку або павялічаныя перыяды «безлімітнай» хуткасці.
аз