Падчас урачыстасцяў у Вільні з нагоды гадавіны Паўстання 1863–1864 гадоў адбылася асобная размова лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай з міністрам замежных справаў Украіны Андрэем Сібігам. Пра гэта «Белсату» распавёў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
«Таксама вельмі пазітыўная добрая камунікацыя. Цяпер застаемся таксама ў кантакце з ім, з ягонай камандай, з камандай прэзідэнта [Украіны]», – адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Паводле яго, сярод іншага з Андрэем Сібігам размаўлялі пра дэталі прызначэння новага спецпрадстаўніка Украіны для Беларусі.
Нагадаем, што пасада спецпрадстаўніка Украіны ў пытаннях Беларусі застаецца вакантнай з моманту адстаўкі ў лютым 2025 года Ігара Кізіма. Прызначэнне пераемніка на гэтую пасаду абмяркоўвалася падчас першай двухбаковай сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага, што адбылася ў Вільні 25 студзеня.
Белсат/ав