Пра даручэнне прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага прызначыць спецыяльнага прадстаўніка для кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі паведаміў міністр замежных спраў гэтай краіны Андрэй Сібіга ў апублікаваным 27 студзеня інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе».
Паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дыпламатыі, дакладная назва пасады яшчэ не вызначаная. Ён мае намер у найбліжэйшы час прадставіць кандыдатуру на разгляд, інфармуе «Позірк».
Сібіга падкрэсліў, што «беларускі трэк мае патрэбу ў асобнай сістэмнай палітыцы». «Я прыцягну вашую ўвагу да выступу прэзідэнта Украіны (25 студзеня) у Вільні: амаль траціна прамовы была прысвечаная беларускаму пытанню, – сказаў ён. – І для нас сапраўды важна захоўваць стасункі з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі. Мы верым, што надыдзе час, і Беларусь – дэмакратычная Беларусь – стане чацвёртым удзельнікам Люблінскага трохкутніка».
Пры гэтым украінскі чыноўнік адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка, якога Украіна не лічыць «легітымна абраным прэзідэнтам Беларусі», мае «панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі».
Пра Святлану Ціханоўскую Сібіга выказаўся такім чынам: «Мы зыходзім з таго, што яна – адна з лідараў дэмакратычных беларускіх сіл. Таму вы ўбачылі яе сустрэчу з прэзідэнтам Зяленскім. Дарэчы, размова была вельмі прадметнай і будзе мець далейшае развіццё. І ў дачыненні да Беларусі нагадаю таксама пра полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, і мы гэта сапраўды шануем».
Першыя поўнафарматныя двухбаковыя перамовы правялі 25 студзеня Уладзімір Зяленскі і Святлана Ціханоўская ў Вільні, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць пра удзельнікаў паўстання 1863–64 гадоў супраць расійскага царызму.
Ціханоўская, як паведаміў яе офіс, «ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду, і адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага».
вс