Аўстрыйскі дрэваапрацоўчы холдынг Kronospan прадаў свой бізнес у Беларусі. Новым уладальнікам заводаў і лагістычных цэнтраў стаў эмірацкі фонд Causa Foundation, а кіраванне прадпрыемствамі перададзенае расійскім менеджарам, піша Office Life.
Юрыдычныя асобы, якім належалі заводы Kronospan у Беларусі, завяршылі рэбрэндынг. Перайменаваныя і іншыя мясцовыя юрыдычныя асобы.
Выхад Kronospan з беларускага бізнесу адбыўся ў пачатку восені 2023 года. Да гэтага аўстрыйцы завяршылі працэс перадачы фонду з ААЭ сваіх актываў у Расіі.
Kronospan увайшоў на беларускі рынак у канцы 2000-х гадоў і стаў найбуйнейшым інвестарам у мясцовую дрэваапрацоўку. Яго прадпрыемствы выпускалі драўняныя пліты, падлогавыя пакрыцці, смолы, лакі, спецыяльную паперу, сталёвыя канструкцыі і інш. Значная частка прадукцыі ішла на экспарт.
Агульны аб’ём інвестыцый Kronospan у эканоміку Беларусі ацэньваецца ў суму каля 1 млрд еўра.
Прадпрыемствы Kronospan былі ўключаныя ў пералік юрыдычных асоб, якія належаць інвестарам з так званых «недружалюбных» краін. Для іх продажу патрабуецца ўзгадненне ўрада.
У 2021 годзе Kronospan трапіў у «чорны спіс» кампаній, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Аўстрыя ў той час спрабавала перашкодзіць ва ўвядзенні эканамічных санкцый супраць беларускага рэжыму.
вс