Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Намесніка дырэктара буйнога прадпрыемства з Дзятлаўшчыны пасадзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

30.01.2026 09:24
Верагодна, яго асудзілі па справе Гаюна.
 .
Сяргей Васюкевіч. Фота з ягонага Укантакце

Сяргей Васюкевіч 20 гадоў працаваў на прадпрыемстве «Ізаком Пласт», якое выпускае гнуткія ізаляваныя пластыкавыя трубы. Але цяпер ён за кратамі — паведамляе «Наша Ніва».

Сяргею Васюкевічу 42 гады, ён родам з Дзятлава. Скончыў мясцовую школу №3 і Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж. Пасля службы ў войску атрымаў вышэйшую адукацыю ў БДЭУ па спецыяльнасці «Лагістыка і цэнавая палітыка».

Працаваць пачынаў у Дзятлаўскім «Райкаапзнешгандлі», а пасля перайшоў маркетолагам у мясцовае прадпрыемства «Ізаком». Апошнія 11 гадоў Сяргей быў намеснікам дырэктара па камерцыі ў сталічным офісе «Ізаком Пласт».

Для Дзятлаўшчыны група кампаній «Ізаком» і «Ізаком Пласт» — гэта важны завод. Прадпрыемства вырасла на месцы закінутага завода драўляных канструкцый і ператварылася ў гіганта, дзе працуюць 270 чалавек — вялікая лічба для райцэнтра.

Там выпускаюць гнуткія ізаляваныя трубы, якія экспартуюцца ў Расію і выкарыстоўваюцца ў дзяржпраграмах. У 2025 годзе, калі Сяргей ужо быў пад пераследам, кампанія атрымала ўзнагароду «Лідар энергаэфектыўнасці».

Сяргей чалавек шырокага кругагляду. Ён любіць электракары, сачыў за інвестыцыямі ў металы і акцыі буйных рытэйлераў, цікавіцца гісторыяй і музыкай. У сям’і двое дзяцей. Таксама Сяргей займаецца садам.

Ён апошні раз быў анлайн у сацсетках у сакавіку 2025 года. Прысуд яму вынес Мінскі гарадскі суд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Верагодна, яго асудзілі па справе Гаюна.

Сяргей з таго часу не з'явіўся анлайн — найхутчэй, прысуд звязаны з пазбаўленнем волі ў калоніі.