Беларускі бізнесмен Валянцін Байко, уладальнік кампаніі «Контэ Спа», прасіў Польшчу зняць з яго забарону на ўезд. Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) не знайшло падстаў для адмены абмежаванняў. На дзяржаўным партале прыводзіцца абгрунтаванне гэтага рашэння, аб чым піша МОСТ.
Нацыянальныя санкцыі супраць Байко 29 траўня 2023 года ўвёў кіраўнік МУСіА Польшчы па заяве кіраўніка Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW). Падставай паслужыла членства Байко ў Савеце Рэспублікі. На гэтай пасадзе бізнесмен удзельнічаў у прыняцці законаў, якія абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, у тым ліку польскай меншасці.
У міністэрстве палічылі, што ўезд і знаходжанне Валянціна Байко ў Польшчы пагражаюць бяспецы дзяржавы і яе міжнароднай пазіцыі. Актывы бізнесмена ў Польшчы былі замарожаныя, а яго самога ўнеслі ў спіс асоб, непажаданых на тэрыторыі краіны. Польшча ўнесла дадзеныя Байко ў Шэнгенскую інфармацыйную сістэму (SIS II), што робіць для яго немагчымым наведванне любой з краін Шэнгенскай дамовы.
17 снежня 2025 года ў МУСіА Польшчы паступіла заява ад юрыдычнай фірмы ў Бухарэсце (Румынія), якая ад імя Валянціна Байко прасіла выключыць яго дадзеныя з Шэнгенскай інфармацыйнай сістэмы. Бізнесмен сцвярджаў, што ўнясенне яго ў спіс непажаданых асоб незаконнае, бо нібыта адсутнічае абгрунтаванне пагрозы, якую ён уяўляе. Байко заявіў, што санкцыі - гэта дыскрымінацыя за яго парламенцкую дзейнасць і палітычную прыналежнасць і што абмежаванні негатыўна адбіваюцца на яго асабістым і прафесійным жыцці.
Кіраўнік МУСіА зноў звярнуўся па ацэнку ў ABW. У ведамстве палічылі, што няма падстаў аслабляць альбо адмяняць абмежаванні супраць Байко, бо ён па-ранейшаму мае моцныя сувязі з рэжымам Лукашэнкі як у палітычнай, так і ў бізнес-сферы.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі пагадзіўся з ацэнкай ABW і пакінуў у сіле забарону ўезду для Валянціна Байко.
IAR/нг