Беларуская Служба

Марыя Калеснікава адказала, ці падтрымлівае яна па-ранейшаму Святлану Ціханоўскую

30.01.2026 17:01
Цяпер важна трымацца разам і ісці да адной мэты: вярнуцца на радзіму і вярнуць Беларусь «да нармальнага жыцця», лічыць Калеснікава.
Марыя Калеснікава Autorstwa Сильные Новости: GomelTube - YouTube: https://www.youtube.com/watch?v=fJUopSv5VLY – Zobacz/zapisz zarchiwizowane wersje na archive.org oraz archive.today 35m28s, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=93738024

Былая палітзняволеная Марыя Калеснікава «вельмі паважае» дэмакратычную лідарку Беларусі Святлану Ціханоўскую і па-ранейшаму яе падтрымлівае, але лічыць, што ў апазіцыі мусяць быць прадстаўленыя розныя меркаванні. Пра гэта экс-зняволеная расказала ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Die Zeit, якое цытуе «Люстэрка».

Падчас гутаркі Марыя паўтарыла свой заклік да еўрапейскіх чыноўнікаў вывесці беларусаў з ізаляцыі, у якой яны аказаліся, на думку былой палітзняволенай, у выніку ўведзеных супраць афіцыйнага Мінска санкцый.

Калеснікава таксама прызнала, што яе заявы часам дысануюць з меркаваннем «іншай часткі апазіцыі», але гэта «не значыць, што адзін з нас мае рацыю, а другі не». Яна падкрэсліла, што цяпер важна трымацца разам і ісці да адной мэты: вярнуць Беларусь «да нармальнага жыцця» і каб людзі, якія з’ехалі праз рэпрэсіі, змаглі вярнуцца на радзіму.

«Я вельмі паважаю Святлану (Ціханоўскую – рэд.). Тое, што яна робіць, неацэнна. І яна дапамагла столькім беларусам. Але існаванне розных меркаванняў – гэта прынцып дэмакратыі. Чым вальнейшыя мы, тым мацнейшыя. Інакш было б так, нібыта існуе толькі адно правільнае меркаванне. Мы ведаем, як гэта працуе ў Беларусі і ў Расіі», – сказала Калеснікава.

Нагадаем, кіраўніцу штаба Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву фактычна выкралі сілавікі 7 верасня 2020 года разам з яшчэ двума сябрамі Каардынацыйнай рады – Антонам Раднянковым і Іванам Краўцовым. Іх усіх гвалтоўна прывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу і спрабавалі выправадзіць з краіны. Калеснікава адмовілася гэта зрабіць: яна парвала свой пашпарт, выбралася з аўтамабіля і не дала сябе вывезці.

Беларускія ўлады пазней прызналі яе вінаватай па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 357 (Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361−1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Яе асудзілі на 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

13 снежня 2025 года Марыю Калеснікаву, сярод 123 палітвязняў, вызвалілі з турмы пасля перамоваў з ЗША. Беларускія ўлады вывезлі іх ва Украіну, пасля чаго яны змаглі з’ехаць у краіны ЕС. Марыю Калеснікаву афіцыйна прыняла Германія, дзе яна амаль 13 гадоў жыла і працавала да вяртання ў Беларусь.

аз

Калеснікава выступае за дыялог Еўропы з рэжымам Лукашэнкі

19.01.2026 11:45
Былая кіраўнічка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі адзначыла, што цяпер прасоўванне такога дыялогу з’яўляецца асноўнай мэтай ейнай палітычнай дзейнасці.