7 лютага на сцэне варшаўскага Teatr Powszechny пакажуць спектакль The Last Witness of Old Hrodna (Апошнi сведак [старога Гродна]) – гісторыю пра чалавека, які збіраў мінулае свайго горада, а апынуўся ўнутры зламанага сучаснага часу. А таксама пра ролю незалежных беларускіх СМІ ў захаванні нацыянальнай памяці. П'еса заснавана на гісторыях затрыманняў журналістаў у 2020-ым годзе.
Пасля спектаклю адбудзецца дыскусія на тэму «Перспектывы змен у Беларусі: 2026 год» з удзелам беларускіх і міжнародных экспертаў.
Гэта гісторыя Руслана, якія кожны дзень едзе на ровары па вуліцах Гродна, улоўліваючы пульс навін. Яго сапраўдны запал – збіраць гісторыі свайго старога горада і яго жыхароў, раскрываючы праўду пра гісторыю Гродна.
Калі Гродна становіцца адным з цэнтраў беларускіх пратэстаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, Руслан сам становіцца мішэнню пераследу. Яго ўспрыманне рэальнасці пачынае хістацца. Раптам мяжа паміж праўдай і ілюзіяй размываецца.
Калі сістэма яго ідэалаў разбураецца, ён пачынае бачыць выразныя паралелі паміж трывогамі сучаснасці і падзеямі мінулага. Імкнучыся асэнсаваць усё, што адбываецца, Руслан даследуе каштоўнасці, якія фармуюць нацыянальную ідэнтычнасць, а таксама жыццёва важную ролю незалежнай журналістыкі ў захаванні праўды.
Сцэнічная чытка спектакля «The Last Witness» упершыню была паказана ў лістападзе 2024 года ў Maxim Gorki Theater ў Берліне ў межах праекта «Contextual Echoes of Civic Resilience» – супольнай ініцыятывы Maxim Gorki Theater, German Marshall Fund of the United States, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і беларускіх драматургаў і актораў.
Больш інфармацыі і квіток можна знайсці тут.
паводле прэс-матэрыялаў/Фатограф: Alexandra Kononchenko/ав