Беларуская Служба

Кіраўнікі памежных службаў краін Балтыі прымуць сумесны план дзеянняў і абмяркуюць барацьбу з аэрастатамі

05.02.2026 13:52
Пасяджэнне кіраўнікоў памежных службаў краін Балтыі распачалося 5 лютага.
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

План дзеянняў падкамітэта па ахове межаў Камітэта старшых службовых асоб Савета міністраў краін Балтыі на 2026 год «з улікам геапалітычнай сітуацыі» падпішуць 6 лютага ў Даўгаўпілсе (Латвія) кіраўнікі літоўскай, латвійскай і эстонскай памежных службаў. Пра гэта паведамляе «Позірк».

Паводле інфармацыі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы, план сярод іншага прадугледжвае «арганізацыю экспертных сустрэч па пытаннях рэадмісіі, назірання і кантролю межаў, крымінальных расследаванняў, пошукава-выратавальных аперацый, кіналогіі, спецыяльнай тактыкі і рэгіянальнай супрацы».

Начальнік САДМ Рустам Любаеў, кіраўнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі Гунціс Пуятс, а таксама гендырэктар паліцыі і службы аховы мяжы Эстоніі Эгерт Белітшаў маюць намер абмеркаваць «стан на знешніх межах Еўрасаюза, пытанні бяспекі паветранай прасторы, метады барацьбы з незаконным выкарыстаннем паветраных шароў і магчымыя пагрозы ў рэгіёне».

Пасяджэнне кіраўнікоў памежных службаў краін Балтыі распачалося 5 лютага. У першы дзень сустрэчы чыноўнікі разглядаюць выкананне сумеснага плана дзеянняў за 2025 год.

Уварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця аэрапорта Вільні, размешчанага непадалёк ад мяжы. Акрамя таго, па гэтай прычыне з 29 кастрычніка па 19 лістапада Літва закрывала мяжу з Беларуссю.

вс