Святлана Ціханоўская наведала беларускі шэлтар для былых палітзняволеных у Варшаве. Падчас візіту ў шэлтар лідарка беларускіх дэмсіл сустрэлася з яго заснавальніцай, былой палітзняволенай і сузаснавальніцай фонду «Прытуляй мяне» Ганнай Федаронак, азнаёмілася з прасторай і ўмовамі шэлтара, а таксама паразмаўляла з яго жыхарамі.
На сустрэчы абмеркавалі, у чым шэлтар мае найбольшую патрэбу і як можна дапамагчы яму працаваць далей. Былыя палітвязні падзяліліся сваімі гісторыямі і распавялі пра ўмовы, у якіх ім давялося знаходзіцца за кратамі.
Каманда Святланы Ціханоўскай перадала ў шэлтар неабходныя бытавыя рэчы.
Беларускі шэлтар у Варшаве – гэта часовая бяспечная прастора для людзей, якія выйшлі з турмаў і вымушаныя пачынаць жыццё наноў. Тут яны могуць атрымаць жыллё на два месяцы, неабходныя рэчы і базавую прадуктовую дапамогу.
Беларускі шэлтар у польскай сталіцы працуе з 2022 года. Нядаўна Ганна Федаронак дала інтэрв'ю Беларускай службе Польскага радыё.
вс