Суд польскага горада Плоцка (сталічнае Мазавецкае ваяводства) адмовіў у выдачы ў Беларусь актывіста, якога вінавацяць у падатковых злачынствах.
Суд прыйшоў да высновы, што на радзіме правы беларуса не будуць выконвацца, бо ў 2020 годзе ён дапамагаў пратэстоўцам, паведамляе «Еўрарадыё» са спаслыкай на партал MOST.
Беларускі бок абвінаваціў мужчыну ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Маўляў, ён утойваў даходы і заніжаў падаткаабкладальную базу. Беларускія следчыя мяркуюць, што гэта прычыніла дзяржаве шкоду ў буйным памеры. У Беларусі за гэта пагражае да пяці гадоў абмежавання свабоды ці ад трох да сямі гадоў пазбаўлення свабоды з накладаннем штрафу.
Беларус у польскім судзе паведаміў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года дастаўляў ежу і напоі пратэстоўцам, адвозіў параненых у бальніцы. За гэта да яго дадому прыйшлі сілавікі, у 2021 годзе ён пакінуў Беларусь. Цяпер мужчына з сям'ёй знаходзіцца ў Польшчы і падаў заяву аб наданні яму міжнароднай абароны.
Акруговы суд Плоцка паставіў, што выдаць беларуса на радзіму нельга, бо правасуддзе ў Беларусі не адпавядае стандартам дэмакратычнай прававой дзяржавы. У абгрунтаванні праводзяцца такія аргументы, як залежнасць судовай улады ад выканаўчай, пастановачныя судовыя працэсы супраць людзей, звязаных з апазіцыяй, а таксама адсутнасць права на абарону і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Дарэчы, польскі амбудсмэн па правах чалавека Марцін Венцэк нават уздымаў пытанне, ці мэтазгодна падаўжаць двухбаковую дамову з Беларуссю па экстрадыцыі.
вс