Яне Сырэвіч 35 гадоў. Яна ў 2014 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, а з 2010 па 2012 гады стажыравалася ў Кракаве ў Акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі - піша «Наша Ніва».
Сваю кар'еру дзяўчына пачала ў распрацоўцы гульняў. З 2014 года яна працавала дызайнеркай у буйной кампаніі Playtika, а ў 2015‑м далучылася да беларускай студыі Playgendary. Там яна была 2D і UI-мастачкай, працавала над вядомай гульнёй Bowmasters, якая некалькі гадоў запар трапляла ў топы гульняў для айфонаў.
Пазней Яна перайшла ў прадуктовы дызайн. З 2017 яна працавала ў кампаніі Verv, якая распрацоўвае праграмы для фітнэсу, а з 2019 года займае пасаду вядучага дызайнера прадукту ў літоўскай кампаніі TapLab.
Акрамя гульняў, Сырэвіч адказвала за дызайн у беларускім стартапе Bolge, які распрацоўваў сістэмы кіравання медыцынскім абсталяваннем і прайшоў у прэстыжны нямецкі акселератар MedTech-Bootcamp. У 2017 годзе яна нават выступала з дакладам пра праблемы інтэрфейсаў у медыцыне на профільнай канферэнцыі.
У інтэрнэце Яна таксама вядомая пад творчым псеўданімам Ian Pavetra. Пад гэтым імем яна публікавала ілюстрацыі і дзялілася думкамі пра мастацтва. Рабіла яна і ілюстрацыі для часопіса «Макулатура».
На старонках дзяўчыны ў сацсетках напісана, што яна жыве ў Вільні. Падобна, яе затрымалі пасля аднаго з вяртанняў у Беларусь.
Яню Сырэвіч судзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ёй прысудзілі хатнюю хімію, але дакладны тэрмін пакарання невядомы.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках ці на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» адносяць таксама практычна любую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай. «Экстрэмісцкімі» лічацца і непадкантрольныя ўладам віды дзейнасці. У прыватнасці, улады задняй датай крыміналізавалі збор інфармацыі пра актыўнасць расійскіх войскаў у Беларусі падчас нападу на Украіну ў 2022 годзе, які праводзіла ініцыятыва «Беларускі Гаюн». У бот Гаюна пісалі тысячы людзей, цяпер усіх іх шукаюць.
Рэпрэсіі рознага роду закранулі ўжо каля 150 тысяч чалавек, яшчэ некалькі соцень тысяч вымушаныя былі пакінуць Беларусь.
нг