Беларуская Служба

У грамадзян Беларусі ў Варшаве — праблемы з атрыманнем праязнога дакумента замежніка

11.05.2026 13:39
Праязны дакумент замежніка выдаецца тым, хто не можа карыстацца нацыянальным пашпартам.
Польскі праязны дакумент іншаземца Крыніца: «Белсат»

Беларусы ў Варшаве сутыкнуліся з праблемамі пры атрыманні праязнога дакумента замежніка. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісала Вольга Цімкіна, якая займаецца пытаннямі легалізацыі ў Польшчы. Яна спасылаецца на двух чалавек, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай, паведамляе «Еўрарадыё».

Паводле Цімкінай, польскія чыноўнікі выдаюць толькі 20 талонаў на дзень. Гэтая колькасць уключае і падачу заяваў, і атрыманне падарожных дакументаў. Між тым, штодня прыходзяць не менш за 50 чалавек. Талонаў на чаргу ўжо няма праз пяць хвілін пасля пачатку выдачы. Многія спрабуюць займаць чаргу кожны дзень, піша Цімкіна.

— З улікам таго, што асноўны паток беларусаў прыехаў у Польшчу ў 2020-2021 гадах. А значыць, далей будзе толькі больш людзей без дзеючых пашпартоў.
І ўсё больш людзей будуць мець патрэбу менавіта ў праязным дакуменце. Асабліва дзеці, таму што дзеці — гэта наша слабое звяно: пашпарты наогул выдаюцца на пяць гадоў.
А цяпер проста ўявіце колькасць беларускіх сем'яў, якія пераехалі толькі ў Варшаву за апошнія гады. І ва ўсіх гэтых дзяцей прыкладна ў адзін і той жа час пачнуць заканчвацца дакументы,  звяртае яна ўвагу.

Праязны дакумент замежніка выдаецца тым, хто не можа карыстацца нацыянальным пашпартам. Для беларусаў, якія не могуць паехаць дадому, каб абнавіць дакументы, праязны дакумент замежніка становіцца адным з асноўных дакументаў.

Пры гэтым ён выдаецца толькі на год. Гэта азначае, што сёлета праязны дакумент замежніка спатрэбіцца не толькі тым, у каго толькі скончыўся пашпарт, але і тым, хто атрымліваў такі дакумент год таму.

вс