Беларуская Служба

Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі падрыхтоўку паседжання Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы

09.02.2026 12:01
Папярэдняе паседжанне ВДС прайшло 6 снежня 2024 года. Тады Лукашэнка прасіў Пуціна размясціць на тэрыторыі Беларусі комплексы «Арэшнік».
Уладзімір Пуцін і Аляксандр ЛукашэнкаЗдымак: kremlin.ru

Падрыхтоўку паседжання Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы абмеркавалі ў тэлефоннай размове 8 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, паведаміла прэс-служба Крамля. Мерапрыемства запланавана на 25 лютага.

«Закранаўся таксама шэраг актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня», – адзначаецца ў рэлізе.

У паведамленні прэс-службы Лукашэнкі абмеркаванне паседжання ВДС названа галоўнай тэмай тэлефоннай размовы. Бакі «таксама абмеркавалі ў размове шэраг актуальных пытанняў беларуска-расійскіх адносін з акцэнтам на рэалізацыю сумесных праектаў», «закранулі міжнародную тэматыку, развіццё абстаноўкі ў рэгіёне».

Як нагадвае «Позірк», папярэдняе паседжанне ВДС прайшло 6 снежня 2024 года. Тады была зацверджаная агульная канцэпцыя бяспекі, заключаны міждзяржаўны дагавор аб гарантыях бяспекі. Лукашэнка пасля паседжання заявіў, што папрасіў Пуціна размясціць у Беларусі расійскія балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік».

Мінск заяўляе, што комплекс ужо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Аб’яднанне BelPol сцвярджае адваротнае.

аз