У 2025 годзе Латвія адмовіла ва ўездзе 1764 іншаземцам, сярод іх былі 297 беларусаў, напісана ў справаздачы Службы дзяржаўнай бяспекі (СДБ) краіны, на што звярнула ўвагу Свабода.
Сярод прычынаў, з якіх іншаземцаў не пускалі ў краіну, называюцца падтрымка Расіі ў вайне супраць Украіны, а таксама служба ў сілавых структурах Беларусі ці Расіі.
Міграцыйныя службы краіны ў 2025 годзе адмовіліся выдаць візу 53 грамадзянам Беларусі. Адмову ў дазволе на жыхарства атрымалі 16 беларусаў.
Чатырох беларусаў прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы» праз удзел у расійскай прапагандысцкай дзейнасці, наяўнасць «выведных або дыверсійных рызык» або праз падтрымку расійскай агрэсіі.
У справаздачы СДБ гаворыцца, што ўлады Беларусі ў 2025 годзе працягвалі спрыяць нелегальнай міграцыі, праводзілі «дэзынфармацыйныя аперацыі» супраць Латвіі. Акрамя таго, супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў спрабавалі завязаць кантакт з прадстаўнікамі апазіцыі і дыяспараў у Латвіі.
Служба бяспекі адзначыла, што некаторых жыхароў Латвіі, у тым ліку грамадзянаў краіны, пры паездках у Беларусь могуць прымусам схіляць да супрацы з беларускімі спецслужбамі.
яс