Кіраўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (MSC) 2026 года, вынікае з паведамлення на старонцы форуму ў сацыяльнай сетцы Х, заўважыў Pozirk.
«Для нас вялікі гонар, што лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская зноў далучыцца да нас у рамках MSC 2026», – гаворыцца ў паведамленні.
62-я MSC пройдзе 13–15 лютага. Як адзначаецца на сайце форуму, удзел ужо пацвердзіла каля 50 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў «з усяго свету». У іх ліку лідары большасці еўрапейскіх краін.
Сярод тэм, якія будуць абмяркоўвацца, значацца еўрапейская бяспека і абарона, будучыня трансатлантычных стасункаў, адраджэнне шматбаковай супрацы, канкурэнтныя канцэпцыі глабальнага парадку, рэгіянальныя канфлікты і наступствы тэхналагічнага прагрэсу для бяспекі.
Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў Мюнхенскай канферэнцыі з 2022 года. Пазалетась экспертная ініцыятыва iSANS арганізавала ў рамках канферэнцыі круглы стол па Беларусі.
Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы (Münchener Sicherheitskonferenz, Munich Security Conference) – штогадовы міжнародны форум, які праводзіцца ў Мюнхене з 1963 года.
яс