Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Беларусь павінна быць уключана ў мірнае пагадненне

10.02.2026 16:10
Без вырашэння беларускага пытання бяспека Украіны і заходняга свету будзе пад пагрозай, лічыць лідарка беларускай апазіцыі.
Святлана Ціханоўская ў студыі Беларускай службы Польскага радыёКрыніца: Беларуская служба Польскага радыё/Барыс Судзін

Беларусь павінна быць уключана ў мірнае пагадненне, якое пакладзе канец вайне Расіі супраць Украіны, заявіла інтэрв'ю парталу «РБК-Украіна» лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. Паводле яе, без вырашэння беларускага пытання бяспека Украіны і заходняга свету будзе пад пагрозай.

«Калі мы раімся з нашымі замежнымі партнёрамі, без якіх, вядома, будзе вельмі цяжка палепшыць сітуацыю ў Беларусі, мы падкрэсліваем, што Беларусь – гэта частка больш шырокай карціны, і калі казаць пра Украіну, пра перамогу Украіны, то трэба ўключыць у гэтую перамогу і Беларусь», – сказала палітык.

Паводле яе, спробы вырашыць украінскае пытанне ў ізаляцыі ад беларускага не спрацуюць.

«Калі вы думаеце: мы можам зараз вырашыць украінскае пытанне і толькі пазней вернемся да беларускага – гэта не спрацуе», – падкрэсліла Ціханоўская. Яна адзначыла, што самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўжо часткова перадаў краіну Расіі, і змяніць гэтую сітуацыю будзе надзвычай складана.

«Таму і Украіна, і Беларусь павінны вырашыць гэтае пытанне разам. Таму што – вяртаючыся да майго пункту гледжання – без дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспекі ні для Украіны, ні для нашых заходніх партнёраў», – дадала яна.

Апазіцыйная актывістка падкрэсліла, што Расія будзе працягваць уплываць на Беларусь незалежна ад таго, хто фармальна там знаходзіцца ва ўладзе.

«Расія заўсёды будзе там дамінаваць – няхай гэта будзе Лукашэнка ці той, каго ён абярэ сваім пераемнікам – яны будуць служыць расійскім, а не беларускім інтарэсам. І мы заўсёды будзем знаходзіцца ва ўнутраным палітычным крызісе, а нашы суседзі – пад пастаянным ціскам», – заявіла Ціханоўская, якую цытуе «РБК-Украіна».

Святлана Ціханоўская таксама паведаміла, што Уладзімір Зяленскі запрасіў яе наведаць Кіеў. Паводле яе, гэты візіт можа адбыцца ў лютым ці сакавіку.

PAP/аз

13–15 лютага Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

09.02.2026 17:40
Святлана Ціханоўская ўдзельнічае ў Мюнхенскай канферэнцыі з 2022 года.