Ініцыятыва MALDZIS купіла на польскім аўкцыёне 30 арыгінальных літаграфій Напалеона Орды — мастака і кампазітара, ураджэнца беларускіх Варацэвічаў. Дзевятнаццаць з іх адлюстроўваюць краявіды і архітэктурныя помнікі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, астатнія — Літвы, Украіны і Польшчы.
У калекцыі — выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзіб у Шаўрах, Лідзе, Крэве, Геранёнах, Нясвіжы, Міры, Наваградку, Лагойску, Гомелі, Камянцы ды іншых мясцінах. Літаграфіі створаныя ў 1870-я гады ў Варшаве паводле малюнкаў Орды і з ягонымі подпісамі. Яны выходзілі ў серыях альбома гістарычных відаў Рэчы Паспалітай, які сам Орда і фінансаваў. Усяго з 1873 да 1883 года пабачылі свет 260 літаграфій, але каля паловы арыгінальных малюнкаў сёння лічацца страчанымі.
Кіраўнік MALDZIS Павел Мацукевіч кажа, што гэтыя працы — візуальныя сведчанні бліскучай і адначасова трагічнай гісторыі беларусаў, бо многія з намаляваных сядзіб і палацаў у ХХ стагоддзі зніклі.
Набыццё стала магчымым дзякуючы ахвяраванням беларусаў. У будучыні калекцыю плануюць перадаць у дар музею Напалеона Орды ў Варацэвічах. Пакуль жа літаграфіі будуць паказваць на выставах за мяжой.
Ужо з 28 лютага да 8 сакавіка беларускую частку калекцыі можна будзе пабачыць у Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, на выставе «Беларусь Напалеона Орды».
Апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня адзначае: Орда стварыў для нас візуальную памяць краіны — не толькі як сведчанне мінулай велічы, але і як магчымасць яе аднаўляць хаця б у грамадскай свядомасці.
Сёння арыгінальныя працы Орды захоўваюцца пераважна ў музеях Польшчы і Украіны. У Варацэвічах ёсць толькі адна яго літаграфія. Лёс Напалеона Орды і ягоная спадчына яднаюць Беларусь са шматлікімі краінамі Еўропы і перш за ўсё з Польшчай, Літвой, Францыяй і Украінай.
нг