З малатка прадаюць арыштаваны зямельны ўчастак, які можа належаць экс-палітвязню святару Генрыху Акалатовічу. Аб'ява апублікавана на сайце «БелЮрЗабеспячэнні», паведамляе «Люстэрка».
Зямельны ўчастак у Баранавіцкім раёне, выстаўлены на аўкцыён. Фота: e-auction.by
Арыштаваны зямельны ўчастак плошчай амаль 12 сотак размешчаны ў вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна.
Сярод абцяжаранняў указана забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы.
Уладальнікам зямлі значыцца Акалатовіч Генадзь Уладзіслававіч. Гэта поўны цёзка былога палітвязня ксёндз Генрыха Акалатовіча.
Пачатковы кошт аўкцыёну – 6 600 рублёў.
Нагадаем, асуджаныя ў Беларусі два каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч выйшлі на волю 20 лістапада мінулага года «па памілаванні». Раней суд прыгаварыў іх да 11 і 13 гадоў зняволення адпаведна па артыкуле аб здрадзе дзяржаве. Пасля вызвалення іх вывезлі ў Ватыкан.
Сёлета ў студзені стала вядома, што іх размясцілі ў адным з манастыроў у Рыме, паведамляла выданне katolik.life.Ніякай інфармацыі ад саміх святароў з моманту іх выезду з Беларусі не было.
Па дадзеных выдання, гэта звязана з тым, што ў іх няма ніякіх сродкаў сувязі, а таксама з тым, што яны выконваюць абяцанне маўчання. У Ватыкане яны далі абяцанне, што прынамсі цягам года пасля вызвалення не будуць рабіць ніякіх заяваў, выступаў і займацца якой-небудзь публічнай дзейнасцю. Хто ініцыяваў гэтую ўмову, вернікам дакладна не вядома, пісала выданне ў студзені гэтага года.
аз