Беларуская Служба

У Мінску прадалі кватэру, у якой была прапісаная алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя

13.02.2026 11:37
Мінскі гарадскі суд прысудзіў трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў 12 гадоў калоніі завочна.
Аляксандра Герасіменяфота: прыватны архіў Аляксандры Герасімені

У Беларусі не спыняюцца затрыманні і ператрусы, адміністрацыйныя і крымінальныя суды, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак.

У Мінску прадалі кватэру, у якой была прапісаная алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя. Звесткі пра гэта былі размешчаныя на сайце "Белюразабеспячэння". Раней гэтую нерухомасць ужо выстаўлялі на аўкцыён, але не змаглі прадаць.

Нагадаем, у снежні 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў 12 гадоў калоніі завочна.

Акрамя таго, у Аляксандры Герасімені была канфіскавана маёмасць: больш за 48 тысяч долараў на рахунках, машына Land Rover, мабільныя тэлефоны, кватэра, машына-месца, халадзільнік, акустычная сістэма і гэтак далей.

Таксама "Вясна" паведамляе пра кіраўніка інавацый IT-кампаніі 4RM Systems, якога асудзілі па палітычнай справе. Аляксандру Сульжыцу 44 гады. Ён родам з Пінска. У 2005 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Фінансы і крэдыт".

З 2019 па 2022 год Сульжыц працаваў у Rozum Robotics, дзе прайшоў шлях ад менеджара па пастаўках да кіраўніка аддзела робататэхнічнай аўтаматызацыі. Апошнім месцам працы была 4RM Systems, дзе Аляксандр займаўся распрацоўкай рашэння Stemma са штучным інтэлектам для аўтаматызацыі кас самаабслугоўвання ў рытэйле — менавіта касы ад 4RM Systems стаяць у многіх беларускіх крамах.

Сульжыца затрымалі каля васьмі месяцаў таму — ён акурат звольніўся і шукаў працу. Аляксандра асудзілі ў канцы 2025 года ці ў пачатку 2026 года ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Верагодна, яму прысудзілі ці «хімію» з накіраваннем, ці калонію.

нг