Лаўрэата прэміі імя Міхася Стральцова назваў сябра журы паэт Уладзімір Някляеў. Ён нагадаў, што фундатарка прэміі – удава паэта Алена Стральцова. Някляеў прызнаўся: у спісе прэміі ўсе літаратары і паэты «былі добрага кшталту».
«Але прэмія гэтым разам ідзе да Міколы Захаранкі, які, на жаль, не змог прыехаць у Варшаву. Вершы зараз ён амаль не піша, піша ў асноўным прозу. Але гэта бліскучая проза. Стральцоў быў бы ад яе ў захапленні. У свой час савецкі дысідэнт і філосаф Кім Хадзееў, чалавек, які лепш за ўсіх нас разбіраўся ў літаратуры, казаў, што самы таленавіты з паэтаў ягонага атачэння, – Мікола Захаранка. Ён прадказваў яму вялікую літаратурную будучыню. І ўрэшце словы Кіма рэалізаваліся ў гэтай прэміі. Гэта заслужаная ўзнагарода», – сказаў Уладзімір Някляеў.
Сябру Саюзу беларускіх пісьменнікаў Міколу Захаранку 76 гадоў. Ягоныя апавяданні друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Нёман», «Дзеяслоў», «Роднае слова» ды іншых выданнях, вершы – у «Літаратуры і мастацтве». Зборнік апавяданняў «І тады ўдарыў бом…» вылучаўся на прэмію Ежы Гедройця. П'есу Захаранкі «Паехалі» ў 1996 годзе ставіў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У кнігу выбраных твораў «На тым краі зямлі» (2025) увайшлі проза, паэзія і публіцыстыка.
XV Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова пачаўся з хвіліны маўчання ў памяць паэта і выдаўца Рамана Цымберава, якога не стала 10 лютага.
Белсат/ав