Беларуская Служба

Дэлегацыя афганскіх талібаў наведала Беларусь

16.02.2026 17:44
Рэжым талібаў характарызуецца жорсткім абмежаваннем правоў і свабод, перадусім жанчын
Дэлегацыя афганскіх талібаў наведала БеларусьФота: МЗС Беларусі

У Беларусі з візітам знаходзіцца дэлегацыя Нацыянальная карпарацыя развіцця Афганістана. 16 лютага з афганскімі гасцямі сустрэўся першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Лукашэвіч, паведамілі ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Падчас сустрэчы беларускі бок вітаў інтарэс афганскай дзяржаўнай кампаніі, якая працуе ў сферы інфраструктуры і будаўніцтва, да развіцця супрацоўніцтва. Бакі адзначылі перспектывы паставак у Афганістан беларускай тэхнікі, сельскагаспадарчай прадукцыі і іншых тавараў, неабходных для рэалізацыі маштабных праектаў развіцця.

Таксама дасягнута дамоўленасць актывізаваць кантакты ў галінах прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, аховы здароўя і адукацыі. У МЗС Беларусі падкрэслілі, што бакі зацікаўленыя ў пашырэнні практычнага ўзаемадзеяння і наладжванні доўгатэрміновага партнёрства.

Нагадаем, Талібан вярнуўся да ўлады ў Афганістане ў жніўні 2021 года пасля вываду міжнародных сіл. Рэжым характарызуецца жорсткім абмежаваннем правоў і свабод, перадусім жанчын, абмежаваннямі на адукацыю і працу, а таксама рэпрэсіямі супраць апанентаў; пры гэтым міжнароднае прызнанне ўлады талібаў застаецца абмежаваным.

reform.news/эж