Беларуская Служба

Віктар Бабарыка абвясціў пра намер працаваць над «нерасійскай, бяз’ядзернай і дэмакратычнай» Беларуссю

17.02.2026 13:18
Віктар Бабарыка заявіў, што плануе прысвяціць час, які мае, працы над будучыняй Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гаворка не ідзе пра палітычную заяву ці рашэнне «заставацца» ў палітыцы.
Віктар Бабарыкафота: ФБ В.Бабарыкі

Бабарыка адзначыў, што бачыць сябе перадусім як менеджара – чалавека, здольнага фармуляваць бачанне, структураваць шляхі дасягнення мэтаў, знаходзіць рэсурсы і арганізоўваць працу каманды.

У сваёй заяве ён акрэсліў стратэгічную мэту: «нерасійская» (незалежная), бяз’ядзерная і дэмакратычная Беларусь як неабходны элемент бяспекі Еўропы.

Паводле Бабарыкі, «нерасійская» Беларусь азначае зніжэнне крытычнай залежнасці ад расійскіх рэсурсаў і рынкаў збыту. Ён звярнуў увагу, што санкцыі і ўдзел Мінска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны прывялі да амаль поўнай эканамічнай арыентацыі на Расію, што, на яго думку, абмяжоўвае суверэнітэт краіны.


Тэрмін «бяз’ядзерная», паводле яго, звязаны з вяртаннем да статусу, пры якім краіна не ўспрымаецца як ваенная пагроза для суседзяў і Еўропы. Ён раскрытыкаваў змяненні ў Канстытуцыі, якія дазволілі размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, заявіўшы, што гэта пагоршыла міжнароднае ўспрыманне краіны.

«Дэмакратычная», паводле Бабарыкі, – гэта дзяржава, дзе грамадзяне самі вызначаюць шлях развіцця праз выбары і фармаванне агульнага бачання, а ўлада служыць запытам людзей, а не захаванню ўласных пазіцый.

Бабарыка таксама згадаў падзеі 2020 года, адзначыўшы, што тады Беларусь была блізкая да пачатку трансфармацыйных працэсаў. Сёння, паводле яго, сітуацыя выглядае значна складанейшай, аднак ён не лічыць яе безнадзейнай.

Ён заявіў, што будзе займацца пабудовай такой Беларусі незалежна ад таго, у якой сферы ягоныя намаганні будуць найбольш запатрабаваныя.

ав