У выніку распачатай у 2020 годзе зачысткі грамадска-палітычнага сектара ў Беларусі засталося 4 палітычныя партыі з 15. Акрамя таго знікла каля 2 000 грамадскіх арганізацый, паведамляе «Свабода» са спасылкай на Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Паводле згаданага ведамства, на сёння ў краіне зарэгістраваныя чатыры палітычныя партыі:
- Партыя «Белая Русь» (лідарка Вольга Чамаданава),
- Ліберальна-дэмакратычная партыя (лідар Алег Гайдукевіч),
- Камуністычная партыя Беларусі (лідар Сяргей Сыранкоў),
- Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (лідар Аляксандр Хіжняк).
Перад мясцовымі выбарамі 2019 года Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі публікавала спіс з 15 палітычных партый.
Сярод іх былі як неактыўныя на той час Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды ці Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, так і вядомыя апазіцыйныя партыі – Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя Беларускі народны фронт, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет».
З таго часу 12 партый закрылі, узнікла толькі адна новая праўладная партыя «Белая Русь».
На 1 студзеня 2020 года ў Беларусі было зарэгістравана 3021 грамадскае аб’яднанне, перадавала ў той час «Беларусь сегодня».
Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец снежня 2025 году ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1 220 некамерцыйных арганізацый. Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прынялі па меншай меры 770 НКА.
аз