Беларуская Служба

Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі

18.02.2026 11:30
Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні персанальных санкцыяў супраць беларускага дыктатара.
 .
Аляксандр Лукашэнка.Foto: .

Украіна ўвяла пакет санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі, паведаміў прэзідэнт Украіны на сваім Telegram-канале. «Мы будзем працаваць з партнёрамі, каб гэта мела глабальны эфект», – дадаў Уладзімір Зяленскі.

Ён таксама нагадаў, што ў другой палове 2025 года расіяне разгарнулі на тэрыторыі Беларусі сістэму рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі беспілотнікамі, што павялічыла магчымасці расійскай арміі наносіць удары па паўночных рэгіёнах Украіны – ад Кіеўскай вобласці да Валыні.

«Некаторыя ўдары, у прыватнасці, па энергетычных аб'ектах і чыгунках у нашых рэгіёнах, расіяне не змаглі б нанесці без такой дапамогі з боку Беларусі. Больш за 3 000 беларускіх прадпрыемстваў пастаўлены на службу расійскай вайне і пастаўляюць абсталяванне і кампаненты, якія класіфікуюцца як крытычна важныя. У прыватнасці, гэта кампаненты для вытворчасці ракет, якія тэрарызуюць нашы гарады і вёскі», – заявіў украінскі лідар.

Ён таксама нагадаў, што на тэрыторыі Беларусі працягваецца развіццё інфраструктуры для разгортвання ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік», што, паводле яго, зʼяўляецца відавочнай пагрозай не толькі для ўкраінцаў, але і для ўсіх еўрапейцаў.

«Аляксандр Лукашэнка даўно абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады, дапамагае расіянам абыходзіць сусветныя санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае ўласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны. За гэта будуць асаблівыя наступствы», – папярэдзіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле сайта «Позірк», згодна з указам Уладзіміра Зяленскага, Аляксандр Лукашэнка пазбаўлены дзяржаўных узнагарод Украіны, уведзеныя блакіроўка яго актываў і забарона на карыстанне і распараджэнне імі. Санкцыі таксама прадугледжваюць поўнае спыненне гандлёвых аперацый; абмежаванне або спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Украіны; прадухіленне вываду капіталаў з Украіны; прыпыненне выканання эканамічных і фінансавых абавязацельстваў; ануляванне або прыпыненне ліцэнзій і іншых дазволаў; забарону на ўдзел у прыватызацыі і дзяржзакупках; забарону на заход ваенных караблёў і самалётаў; забарону на перадачу тэхналогій і правоў інтэлектуальнай уласнасці; спыненне культурнага, навуковага і спартыўнага супрацоўніцтва; забарону на ўезд ва Украіну; забарону на набыццё ва ўласнасць зямельных участкаў.

У кастрычніку 2022 года Украіныa ўвяла санкцыі ў дачыненні да жонкі Аляксандра Лукашэнкі Галіны тэрмінам на 10 гадоў. Яны прадугледжваюць 13 абмежавальных мер, уключаючы блакаванне актываў і забарону набыцця зямельных участкаў.

аз

Лукашэнка: Да канца гэтага года мы павінны мець свае боепрыпасы да артылерыйскіх сістэм

10.02.2026 13:30
«Барані вас Гасподзь сарваць гэтае мерапрыемства па тэрмінах», – папярэдзіў чыноўнікаў за адказнасць па тэрмінах.

Святлана Ціханоўская: Беларусь павінна быць уключана ў мірнае пагадненне

10.02.2026 16:10
Без вырашэння беларускага пытання бяспека Украіны і заходняга свету будзе пад пагрозай, лічыць лідарка беларускай апазіцыі.