Беларуская Служба

Алімпіяднікі і медалісты змогуць без іспытаў паступаць у ВНУ на спецыяльнасць па «вайскова-патрыятычным выхаванні»

19.02.2026 18:30
У Беларусі 24 спецыяльнасці, на якія можна паступаць без іспытаў.
ШколаTaken/pixabay.com/CC0 Public Domain

Напрамак «Фізічная культура. Вайскова-патрыятычнае выхаванне» дададзены ў пералік спецыяльнасцяў, на якія не трэба здаваць іспыты пры паступленні ў ВНУ, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 31 ад 10 лютага, паведамляе «Позірк».

Згодна з дакументам, апублікаваным 18 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, на гэту спецыяльнасць могуць ісці без іспытаў пераможцы трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды па пэўных навучальных прадметах, а таксама ўладальнікі залатога або срэбнага медаля, альбо дыплома аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, скончанай на выдатна (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

У Беларусі 24 спецыяльнасці, на якія можна паступаць без іспытаў. Сярод іх «Дашкольная адукацыя», «Гісторыя», «Музейная справа», «Матэматыка», «Фізіка», «Інжынерна-педагагічная дзейнасць».

Згодна з прэзентаваным 23 кастрычніка 2025 года дакладам «Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі» аб’яднання BelPol і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), у Беларусі на дзяржаўным узроўні сфармаваная сістэма выхавання, «якая знішчае асобу дзіцяці і фармуе абсалютна адданага і паслухмянага раба дзяржавы», для гэтага выкарыстоўваецца мілітарызацыя адукацыі.

У агульнаадукацыйных школах масава адкрываюцца спецыялізаваныя класы з вайсковым ухілам. Толькі ў Мінску да 2024 года былі адкрыты 173 вайскова-патрыятычныя класы.

Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 10-х і 11-х класах вывучаюць адмысловы прадмет – «Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка». Вывучаецца тэма «Асновы вайсковай справы», на якую адведзена 42 навучальныя гадзіны (у 2024/2025 навучальным годзе колькасць гадзін была павялічаная ўдвая).

Каб арганізаваць навучанне вайсковай справе, гаворыцца ў дакладзе, Міністэрства адукацыі да 2024/2025 навучальнага года закупіла для сярэдніх школ 191 мультымедыйны цір, каб кожны вучань мог трэніравацца ў стральбе.

Пасады кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні (ваенрукаў) уведзеныя ў кожнай установе агульнай сярэдняй, а таксама спецыяльнай сярэдняй адукацыі.

аз