Музыка гурта Tor Band, палітвязень Яўген Бурло, у калоніі ходзіць на мыліцах і мае патрэбу ў тэрміновай аперацыі. Пра гэта паведаміў экс-палітвязень Ігар Лосік.
Паводле яго, у Бурло астэапароз абедзвюх ног. На правай ужо зрабілі аперацыю, але рэабілітацыя ў турэмных умовах была вельмі цяжкай. Цяпер неабходна аперацыя на другой назе, бо ён не можа нармальна хадзіць.
Ігар Лосік таксама паведаміў, што музыканта паўгода ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ. Год таму яму прапанавалі напісаць хадайніцтва аб памілаванні, аднак пасля гэтага вярнулі ў калонію.
Яўген Бурло — ураджэнец Рагачова. У кастрычніку 2024 года ўдзельнікаў Tor Band асудзілі на вялікія тэрміны зняволення за песні, якія гучалі падчас пратэстаў 2020 года. Яўген Бурло атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ на судзе было вядома пра сур’ёзныя праблемы з яго здароўем, але суд прызначыў рэальнае зняволенне.
euroradio.fm/эж