Беларуская Служба

Дэлегацыя афіцыйнага Мінска выйшла з залы падчас прамовы Ціханоўскай на пасяджэнні ПА АБСЕ ў Вене

22.02.2026 13:45
Сяргей Рачкоў пасля паседжання востра адрэагаваў на прысутнасць на паседжанні Святланы Ціханоўскай.
.
С. Ціханоўскаяфота: Ф.Вячорка

Афіцыйная беларуская дэлегацыя на паседжанні Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Вене 20 лютага падчас прамовы лідаркі беларускіх дэмсіл Святланы Ціханоўскай пакінула залу ў поўным складзе. Прадстаўнікі Азербайджана, якія ў мінулым годзе разам з расіянамі падтрымалі дэмарш, на гэты раз засталіся на сваіх месцах. Пра гэта распавёў дарадца Ціханаўскай Франак Вячорка.

«У гэтым годзе лукашэнкаўская дэлегацыя не здзівіла. Традыцыйна, калі выступала Ціханоўская на ПА АБСЕ, яны выйшлі з залі. Цікава, што раней у салідарнасць з лукашэнкаўцамі выходзілі рускія і азербайджанцы. Сёлета расейцаў не было, і Азербайджан дэмарш не падтрымаў», – напісаў Вячорка ў Facebook.

У гэтым годзе афіцыйную беларускую дэлегацыю ў Вене прадстаўлялі старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў і член Савета Рэспублікі, галоўны трансплантолаг краіны Алег Румо.

У сваёй прамове, падчас якой афіцыйная беларуская дэлегацыя пакінула залю, Святлана Ціханоўская казала пра Украіну, якая «сёння змагаецца за ўсіх нас: за Беларусь, Украіну, Малдову і ўсю Еўропу».

«Украіна змагаецца за мір, за дэмакратыю і правы чалавека – тыя самыя каштоўнасці, якія АБСЕ так высока цэніць. Сёння як ніколі важна даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі і спыненні расійскай агрэсіі. Калі вы хочаце сапраўднага свету ў Еўропе, найперш мы павінны аслабіць Пуціна і яго саўдзельніка Лукашэнку. Вынік гэтай вайны паўплывае і на будучыню Беларусі. Гэта можа адкрыць акно магчымасцяў для нас.

Магчымы два сцэнары: Беларусь цалкам застанецца ў расійскай арбіце з ядзернай зброяй, войскамі, русіфікаванай уладай, якая пастаянна пагражае суседзям, або яна нарэшце вызваліцца, адновіць сваю незалежнасць, свабоду і вяршэнства закону і выканае свае абавязацельствы ў рамках АБСЕ. Мы не павінны дазволіць Беларусі стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь – гэта не Расея. Мы падтрымліваем Украіну. Мы – ганарлівая еўрапейская нацыя з уласнай культурай і ідэнтычнасцю», – сказала Ціханоўская.

Сяргей Рачкоў пасля паседжання востра адрэагаваў на прысутнасць на паседжанні Святланы Ціханоўскай.

«Дэлегацыя Беларусі лічыць непрымальнымі дзеянні старшынства ПА АБСЕ па запрашэнні ў якасці ганаровага госця і прадастаўленні пляцоўкі для выступу чалавеку, які пераследуецца ў Беларусі паводле закону аб экстрэмісцкай дзейнасці. Беларуская дэлегацыя рашуча адхіляе спробы старшынства навязаць нам кантакты, якіх мы не маем патрэбы. Давайце ўмацоўваць дыялог паміж краінамі – членамі Парламенцкай асамблеі АБСЕ», – цытуе Рачкова БЕЛТА.

Дэпутат дадаў, што сёння АБСЕ амаль ва ўсіх сферах знаходзіцца ў стане глыбокай стагнацыі і істотна палітызавана. А «вельмі многія дэлегаты» падтрымалі прапанову дэлегацыі Беларусі аб тым, што неабходна весці дыялог, а не канфліктаваць.

Таксама беларуская дэлегацыя ў Вене працягнула «вельмі жорстка ўздымаць тэму санкцыйных дзеянняў еўрапейцаў у дачыненні да Беларусі».

«Ідзе вельмі вялікая зацікаўленасць у зносінах з беларускім бокам. Падкрэсліваецца, што ў Еўропе пачынаюць разумець усю згубнасць палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам Еўрапейскага саюза, неабходна шукаць агульныя кропкі судакранання і разам думаць аб тым, як утрымаць Еўропу ад спаўзання да катастрофы», – сказаў на заканчэнне Рачкоў.

Люстэрка/ав