Змаганне з усімі, хто заяўляе пра ўшчамленне беларускай ці рускай мовы ў Беларусі, абвясціў міністр інфармацыі Марат Маркаў у эфіры праграмы «Суровы погляд», якая выйшла 22 лютага на тэлеканале СТБ і была прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, паведамляе «Позірк».
«У нас дзве дзяржаўныя мовы, і дакладна нельга ні ў якім выпадку займацца ўшчамленнем адной з іх ва ўгоду другой. І наадварот. Роўна як нельга займацца ўшчамленнем любой мовы любой са 150 нацыянальнасцей, якія пражываюць у рэспубліцы», – сказаў ён.
Кажучы пра мову медыякантэнту, міністр мяркуе, што СМІ маюць займацца «стымуляваннем пэўных працэсаў», якія «будуць толькі на карысць грамадства».
«Так, на сённяшні дзень склалася так, што тэлевізійны кантэнт – крыху больш за 1% [спажыўцоў], паводле апытанняў, аддае перавагу таму, каб глядзець на беларускай мове, гэта праўда. Яшчэ каля 30% (крыху больш) спакойна ўспрымае любы моўны кантэнт. Астатнія аддаюць перавагу таму, каб глядзець кантэнт на рускай мове», – заявіў кіраўнік Мінінфарма.
«Тут комплекснае пытанне, калі мы хочам сапраўды стымуляваць цікавасць да больш шырокага прымянення беларускай мовы. Вельмі важны момант – мы ж гэтым цяпер і займаемся, – адзначыў Маркаў. – Цяпер, не выключыў чыноўнік, ужо «трэба казаць пра тое, што гэтае стымуляванне мае быць больш інтэнсіўным».
Адметна, што, паводле звестак СМІ, незадоўга да гэтага дня па Беларусі пракацілася хваля затрыманняў выдаўцоў, кнігараспаўсюджвальнікаў.
Развіццё беларускай мовы дзесяцігоддзямі было прэрагатывай грамадскіх ініцыятыў і арганізацый, мноства з якіх былі ліквідаваныя ў рамках рэпрэцій пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
У краіне праводзіцца палітыка русіфікацыі. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% вучняў (крыху больш за 100 тыс.).
аз