Прадстаўнікі польскага ўрада не будуць прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў Мілан-Карціна 2026 года, якія пачынаюцца 6 сакавіка, паведаміў намеснік міністра спорту Польшчы Пётр Борыс (Piotr Borys).
Ён патлумачыў, што прычынай байкоту з'яўляецца дазвол расійскім і беларускім спартсменам спаборнічаць на Паралімпійскіх гульнях пад сваімі сцягамі. «Гэта скандальна і непрымальна з маральнага пункту гледжання», – заявіў намеснік міністра Польскаму радыё. Ён дадаў, што Польшча салідарная з Украінай і ахвярамі расійскай агрэсіі.
– Не будзе прадстаўнікоў польскага ўраду на адкрыцці. Акрамя таго, не будзе прадстаўнікоў Польскага паралімпійскага камітэту. Мы салідарныя з Украінай. Не будзе таксама міністра спорту Украіны, не будзе камісара па пытаннях спорту ЕС. На нашу думку, да таго часу, пакуль ідзе вайна, расійскія і беларускія спартсмены павінны выступаць без дэманстрацыі сваіх дзяржаўных сімвалаў – сцяга і гімна ў выпадку перамогі. Гэтага патрабуюць пэўныя маральныя прынцыпы. Таму мы байкатуем і рашуча пратэстуем.
Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў спартсменам з Расіі і Беларусі ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Абедзве краіны выставяць агулам дзесяць спартсменаў. Міністр культуры, СМІ і спорту Вялікабрытаніі Ліза Нэндзі таксама раскрытыкавала рашэнне Камітэту, назваўшы яго «катастрафічным сігналам» падчас вайны Расіі супраць Украіны.
Расія і Беларусь былі адхіленыя ад зімовых Паралімпійскіх гульняў пасля таго, як Масква пачала поўнамаштабную вайну ва Украіне ў 2022 годзе. Пазней спартсменам з гэтых краін дазволілі ўдзельнічаць у Парыжскіх гульнях у якасці нейтральных удзельнікаў.
IAR/нг