Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: «Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара»

24.02.2026 11:02
24 лютага, у чацвёртую гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам да ўкраінцаў і беларусаў.
.
С. Ціханоўскаяфота: Ф.Вячорка

«Чатыры гады таму вераломная Расія напала на Украіну. Чатыры гады – як расійскія ракеты і дроны б’юць па дамах, бальніцах, школах. І ўжо адзінаццаць год – як людзі гінуць таму, што Расія вырашыла – ёй можна ўсё», – заявіла яна.

Ціханоўская адзначыла, што «страшна ад самой думкі, што вайна стала штодзённасцю», і падкрэсліла: «Да гэтага немагчыма прызвычаіцца. Прызвычаіцца да здымкаў разбураных гарадоў. Да навінаў пра загінулых ад чарговай жахлівай атакі».

Яна выказала падтрымку ўкраінцам, падкрэсліўшы: «Мы, беларусы, захапляемся ўкраінскай мужнасцю. Як вы падтрымліваеце адно аднаго, як бароніце сваю краіну – на фронце і ў тыле».

Асобна палітык згадала беларускіх добраахвотнікаў: «Менавіта таму чатыры гады таму, ды і нават раней – многія беларусы пайшлі добраахвотнікамі ваяваць за Украіну. Многія заплацілі самым каштоўным – сваім жыццём». Паводле яе, і сёння «многія беларусы – знаходзяцца на лініі фронту ці ў расійскім палоне».

У звароце таксама прагучала тэза пра сувязь лёсу дзвюх краін: «Мы разумеем, што сёння Украіна змагаецца не толькі за сябе, а ўсіх нас – у тым ліку за вольную Беларусь». І дадала: «Ад вынікаў вайны залежыць і лёс Беларусі».

Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь «ператвараюць у расійскую ваенную базу, і зборачны цэх для расійскай арміі», але гэта «робіцца супраць волі беларусаў».

«Мы, беларусы, на баку Украіны, а не агрэсара. Мы – як і Украіна – частка Еўропы, а не рускага міру», – заявіла яна.

Завяршаючы зварот, палітык падзякавала ўкраінцам і ўсім, хто падтрымлівае Украіну:

«Разам – мы зможам дабіцца свабоды і міру для нашых народаў. Разам мы ўсё адолеем. Слава Украіне! Жыве Беларусь!»

ав